Я ў медыкі прыйшоў. Якія маладыя кадры прыйшлі сёлета ва ўстановы аховы здароўя Ляхавіцкага раёна?

Установы аховы здароўя штогод у жніўні з радасцю сустракаюць кадравае папаўненне. Якія маладыя кадры прыйшлі сёлета ва ўстановы аховы здароўя нашага раёна? З гэтым пытаннем «ЛВ» звярнуўся ў Ляхавіцкую ЦРБ.

– Пры выбары першага працоўнага месца мы з жонкай арыентаваліся на тое, каб працаваць у стацыянары. У Ляхавіцкім раёне такая магчымасць ёсць для абодвух: мой выбар выпаў на райбальніцу, а яна – псіхіятр-нарколаг – размеркавалася ў абласную псіхіятрычную бальніцу «Крывошын». Канешне, былі задаволены, што адразу выдзелілі арэнднае жыллё. У калектыве сустрэлі дружалюбна, прапанавалі падтрымку і дапамогу. Лічу, для навічка гэта вельмі важна, бо адна справа – інтэрнатура, зусім іншая – самастойная работа, – гаворыць урач – анестэзіёлаг-рэаніматолаг Вадзім Піваварчык.
Спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу сёлета прыйшло ў ЦРБ 25 чалавек: памочнікі ўрача, фельчары, медыцынскія сёстры, акушэркі. Прыемна, што сярод навабранцаў ёсць і землякі. Напрыклад, ляха-вічанкі Дар’я Кудзін – акушэрка жаночай кансультацыі паліклінікі, Паліна Ланкуць – медсястра ў тэрапеўтычным аддзяленні ЦРБ, Паліна Малевіч – медсястра ў інфекцыйным аддзяленні бальніцы, Злата Малевіч, Дар’я Ланкуць і Вольга Слядзіна – фельчары ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі, Алена Бубенчык з аграгарадка Русінавічы робіць першыя самастойныя крокі ў якасці акушэркі Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Самы ўнушальны кад-равы прыток сярэдняга медыцынскага персаналу на «хуткай дапамозе» – сем выпускнікоў Пінскага, Слуцкага, Брэсцкага, Слонімскага медкаледжаў. Маладыя спецыялісты адпрацоўваюць прафесійныя навыкі ў неўра-лагічным, тэрапеўтычным, інфек-цыйным, прыёмным аддзяленнях бальніцы, паліклініцы, Ліпскай, Крывошынскай, Навасёлкаўскай, Дараўскай, Падлескай, Ганча-роўскай амбулаторыях урача агульнай практыкі, Сваятыцкім фельчарска-акушэрскім пункце.
– Вырасла ў Сваятычах, тут жывуць мае бацькі.Таму, калі ў аддзеле кадраў прапанавалі ўзначаліць тутэйшы ФАП, згадзілася, хаця і хвалявалася, бо тут ведаю ўсіх, а гэта яшчэ большая адказнасць. Вырашыла не чакаць жніўня, выйшла на работу з 11 ліпеня – нельга пакідаць вяскоўцаў без медыцынскай дапамогі. Першы выклік – у Валасачы. Пацыенту неабходна было памяняць катэтар. А так, у асноўным, прыходзяць памераць ціск. Калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, звяртаюся за парадай да былога загадчыка ФАПа Дзмітрыя Гібежа або тэлефаную ў райбальніцу ў Ляхавічы, – дзеліцца ўражаннямі Ксенія Пірштук.
– Даводзіцца прыкладаць нямала намаганняў, каб зацікавіць выпускнікоў медыцынскіх ВНУ і ССНУ размеркавацца менавіта ва ўстановы аховы здароўя нашага раёна. Імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы працы для кадравага папаўнення, у нас выдатны мікраклімат у калектыве, на высокім узроўні – настаўніцтва, калегі са стажам работы заўжды гатовы падтрымаць навічкоў і словам, і справай. Разумеем, важна не толькі арганізаваць прыток спецыялістаў, але і зрабіць так, каб яны засталіся тут і пасля адпрацоўкі, – адзначае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
– Разумеем, наколькі актуальна вырашыць жыллёвае пытанне, якое даволі часта можа стаць ключавым пры выбары маладым спецыялістам першага працоўнага месца. Прыемна адзначыць, што, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна, гэта пытанне паспяхова на Ляхавіччыне вырашаецца. Штогод для для медыкаў выдзяляецца арэнднае жыллё, прычым з паніжаючым каафіцыентам аплаты. Маем і ўласныя квадратныя метры – інтэрнат на 26 пакояў, сёння там жыве
21 чалавек. Прадугледжаны варыянты і тым, хто жадае здымаць жыллё, – даплата ў памеры дзвюх базавых велічынь у месяц, –
расказвае Георгій Хлябовіч.
Сярод маладых спецыялістаў, хто разам з працаўладкаваннем атрымае і двухпакаёвую арэндную кватэру, – урачэбныя сем’і Вадзім і Яна Піваварчыкі, Аляксандр і Кацярына Зяленскія, а ўрач-афтальмолаг Валерыя Скавародка будзе абжываць аднапакаёвую арэндную плошчу.
Акрамя таго, для маладых медыкаў, якія прыйшлі працаваць па размеркаванні, прадугледжаны цэлы комплекс мер падтрымкі, што знайшоў сваё адлюстраванне ў калектыўным дагаворы, заключаным паміж кіраўніцтвам Ляхавіцкай ЦРБ і прафкамам райбальніцы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.