Аграмайстэрства з высокай адзнакай. Выкладчык агранамічных дысцыплін Ляхавіцкага аграрнага каледжа ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі»

Выкладчык агранамічных дысцыплін Ляхавіцкага аграрнага каледжа Кацярына Юрчык бязмежна любіць сваю работу і імкнецца, каб лекцыі і заняткі мелі для навучэнцаў практычнае значэнне, каб выпускнікі не адпрацоўвалі паслядыпломны тэрмін, а працавалі, каб нераўнадушна гарэлі вочы маладых спецыялістаў.

Да прафесіі сваёй мары – настаўніцтва – Кацярына Аляксандраўна ішла 17 гадоў. Спачатку атрымала дыплом агранома-аграхіміка і працавала па спецыяльнасці, у тым ліку аграномам-насенняводам і галоўным аграномам. Колішні дырэктар навучальнай установы Вячаслаў Сельмановіч запрасіў Кацярыну Юрчык паспрабаваць свае сілы ў педагогіцы і дапамог раскрыць сапраўдны талент. З 2001 года Кацярына Аляксандраўна – адзін з любімых педагогаў каляджан.
Восенню ўбачыць свет яе вучэбны дапаможнік «Тэхналогія вытворчасці прадукцыі раслінаводства». Выданне будзе карысна як для выкладчыкаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, так і для навучэнцаў.
У метадычнай бібліятэцы педагога і іншыя распрацоўкі.

На занятках Кацярыны Аляксандраўны навучэнцам цікава. Яна не баіцца пытанняў, якія ўзнікаюць у дапытлівых юнакоў і дзяўчат і дае кампетэнтныя і разгорнутыя адказы з жыццёвымі прыкладамі.
Разам з навучэнцамі праводзіць даследаванні, у якіх вызначаюць, напрыклад, уплыў спосабаў сяўбы на ўраджайнасць соі, нормы высеву азімай пшаніцы на асноўныя элементы яе прадукцыйнасці і г. д. А пасля прадстаўляюць вынікі на міжнароднай канферэнцыі «Паспяховы той, хто стварае». І праца заўсёды ацэньваецца высока.
– Кацярына Аляксандраўна – выкладчык з вялікай літары. Эрудзіраваная, мэтанакіраваная, умее да кожнага навучэнца знайсці індывідуальны падыход. Поўная творчай энергіі, якой запальвае ў навучэнцаў інтарэс да прафесіі, – характарызуе выкладчыка дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік.
На шматлікія віншаванні Кацярына Юрчык шчыра прызнаецца: медаль – адзнака дзейнасці ўсяго калектыву каледжа, у якім працаваць – задавальненне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА 

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 лютага 2022 года выкладчык адасобленага падраздзялення «Ляхавіцкі аграрны каледж» установы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» Кацярына Юрчык узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».
4 жніўня ва ўрачыстай абстаноўцы наша зямлячка атрымала ўзнагароду з рук Прэм’ер-міністра Беларусі.