Фермы Ляхавіцкага раёна рыхтуюцца да зімы

Сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна не справіліся з асноўнай задачай, пастаўленай перад аграрыямі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Замест запланаваных да рэканструкцыі 9-ці фермаў, якія павінны працаваць па новых тэхналогіях, будуць здадзены ў эксплуатацыю толькі 2 аб’екты: малочная зала ў СВК “Шлях новы” і МТФ “Патапавічы” гэтай жа гаспадаркі, дзе таксама ўступіць у дзеянне малочны блок. Астатнія толькі часткова выканалі заданне, змогуць завяршыць яго, у лепшым выпадку, у наступным годзе.
Прычыны, па якіх адкладваецца гаспадаранне па новых тэхналогіях, будуць выяўлены, вінаватыя адкажуць па ўсёй строгасці. А пакуль трэба старанна падрыхтаваць да работы ў зімовых умовах тое, што ёсць у наяўнасці.

Свежыя, з прахалодай ранкі нагадваюць: не за гарамі пачатак зімовастойлавага ўтрымання жывёлы. Гэта адказнейшы перыяд, які патрабуе і добрай кармавой базы, і дакладнага выканання арганізацыйных мерапрыемстваў, і, зразумела, належным чынам падрыхтаваных вытворчых памяшканняў, спраўнага абсталявання. Многія гаспадаркі раёна над вырашэннем гэтых пытанняў шчыруюць з вясны, як толькі статкі выйшлі на пашу і вызвалілі памяшканні.
Вялікі аб’ём работы належала выканаць працаўнікам СВК “Шлях новы”, дзе за апошнія 2-3 гады практычна абнавіўся Вялікалотаўскі комплекс, стаў у нашым раёне адным з лепшых па рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці. Днямі заканчваюцца работы на будаўніцтве даільнай залы, што азначае: зімоўка грамадскага статка будзе праходзіць у выдатных умовах.
У гэтай гаспадарцы ідуць рамонтныя работы і на астатніх малочнатаварных фермах: пабелены памяшканні, адрамантаваны вокны, дзверы, прыведзены ў парадак сістэмы водапаення і гноевыдалення, праверана электраправодка, у наяўнасці 2 аўтаномныя дызель-генератары. Але ж ёсць яшчэ над чым працаваць: на Зубелевіцкай ферме адрамантаваць падлогу, зрабіць прафілактыку сістэмы водапаення, а на Галавачоўскай МТФ патрабуе рамонту малочны блок, не ўладкаваны пакуль і бытавыя памяшканні.
Гаспадарчым спосабам выконваюць большасць падрыхтоўчых работ у СВК “Жарабковічы”. Усе жывёлагадоўчыя памяшканні пабелены. Бачны перамены і на Жарабковіцкай МТФ, дзе навялі парадак. Аднак, як адзначае начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак, палічыць гэтае памяшканне рэканструяваным нельга, бо жывёла па-ранейшаму ўтрымліваецца на ланцугах, зусім не зменшылася доля ручной працы, няма бытавых памяшканняў. У гаспадарцы ігнаруюць рэкамендацыі і патрабаванні па ўкараненні ў вытворчасць новых тэхналогій. Летась па такім жа прынцыпе адрамантавана Зарытаўская МТФ. Па-ранейшаму старшыня гаспадаркі Віталій Бусько неабгрунтавана адмаўляецца ад будаўніцтва новага сучаснага комплексу па вытворчасці малака. Дарэчы, калі сёлета не будуць распачаты работы на гэтым аб’екце, то праектна-каштарысная дакументацыя страціць сваю актуальнасць і патрэбна будзе рыхтаваць новую. Колькі грошай страціла гаспадарка з-за таго, што жывёлагадоўчая галіна практычна не развіваецца, а прадукцыя прадаецца дзяржаве не самай высокай якасці… І сёння сітуацыя на фермах наступная: не падрыхтаваны да гэтага часу выгульныя пляцоўкі для жывёлы на Улазавіцкай, Дамашоўскай, Зарытаўскай МТФ, не абгароджаны фермы ў Шавялях, Зарытаве, Гулічах, Дамашах, а ў дзвюх апошніх так і не зрабілі бытовак…
У СВК “Дарава” ў 2 рэканструяваныя жывёлагадоўчыя памяшканні ўжо заселены 120 кароў. З мэтай павелічэння пагалоўя зроблены дабудовы яшчэ на 50 жывёлін. У гаспадарцы вядуцца работы. На Літоўскай і Лабузоўскай фермах таксама належыць адрамантаваць і ўцяпліць вокны, прывесці ў парадак малочны блок, падсыпаць гравіем выгулы – усё гэта ў бліжэйшы час павінна быць зроблена.
Патрэбна актывізаваць тэмпы работ будаўнікам і жывёлаводам СВК “Тальмінавічы”, каб своечасова здаць у эксплуатацыю 2 цялятнікі – у Гашчыне і Гайнінцы. Хоць гэтыя аб’екты пазапланавыя, гаспадарка разлічвае на іх. Рамонтныя работы неабходна выканаць і ў іншых жывёлагадоўчых памяшканнях, якія, дарэчы, яшчэ і не пабелены. А на Тальмінавіцкай і Гайнінецкай МТФ так і не зроблены бытоўкі для жывёлаводаў.
Завяршаецца падрыхтоўка да зімы ў ДП “Нача”. Сёлета сельгаспрадпрыемства па ўласнай ініцыятыве і за свае сродкі ўзялося рамантаваць цялятнік і кароўнік на 200 жывёлін на МТФ “Цэнтр”. Працавалі без аўралаў, выкарыстоўваючы спрыяльны час і наяўныя грошы. Рамонтныя работы завяршаюцца. Памяшканні іншых жывёлагадоўчых аб’ектаў пабелены, уцеплены, наведзены парадак.
Перад ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” востра стаіць пытанне заканчэння работ па падрыхтоўцы да пачатку зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы. Сельгаспрадпрыемства павінна здаць у эксплуатацыю 2 рэканструяваныя памяшканні і малочны блок у вёсцы Падбарочча. Кароўнік на 186 жывёлін ужо гатовы, зроблены стойлавыя рамы, падключаецца водаправод, вядуцца аддзелачныя работы і добраўпарадкаванне. Другое памяшканне – малочная зала – узводзіцца, асвоена 4 мільярды 300 мільёнаў рублёў, з якіх палова – ільготны крэдыт, другая палова – сродкі з абласнога бюджэту. Дырэктар райаграсэрвісу Дзмітрый Несцяровіч абяцае, што да канца года аб’ект будзе завершаны. Але, па словах Алега Бурака, на астатніх фермах, акрамя пабелкі, нічога не зроблена: у Малым Гарадзішчы трэба забетанаваць падлогу, адрамантаваць вароты ў цялятніку, у кароўніку не ўстаноўлены да гэтай пары транспарцёр для выдалення гною, не ачышчаны выгулы, якія трэба абавязкова падсыпаць гравіем. У гэтай гаспадарцы не абгароджана ні адна ферма. Адсутнічаюць і элементарныя бытавыя ўмовы для жывёлаводаў. Гаварыць пра своечасовую здачу ў эксплуатацыю запланаваных аб’ектаў не даводзіцца.
У СВК “Ліпнянка” наогул не прыступалі да рамонтных работ на жывёлагадоўчых фермах. Між тым, большасці памяшканняў яны вельмі неабходныя: дзіравыя дахі, няма вокнаў, патрабуюць замены дзверы, стойлавыя рамы, сістэмы водапаення і гноевыдалення, няма выгулаў, фермы не абгароджаны, так і не зроблены бытавыя памяшканні. Карацей, паўнейшы развал. Сёлета СВК “Ліпнянка” выдзелена амаль 3 мільярды рублёў на рэканструкцыю жывёлагадоўчага памяшкання і будаўніцтва малочнага блока. Частка работ выканана, аднак малочны блок сёлета не будзе здадзены ў эксплуатацыю – не гатовы, няма і абсталявання. На сёння ў “Ліпнянцы” застаюцца неасвоенымі 1480 мільёнаў рублёў.
У СВК “Востраў-Агра”, здаецца, таксама не чакаюць зімы. На Кулікоўскай і Востраўскай МТФ не відаць ніякага рамонту, пасля якога палепшыліся б умовы ўтрымання жывёлы і ўмовы работы жывёлаводаў. Ёсць праблемы і на МТФ ЗАТ “Белпрампрыбор”. А часу застаецца зусім мала.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *