У рэжыме рэальнага часу працуюць ляхавіцкія паштавікі

Вольга Арэхва: мы ўдзячны кліентам за давер і за тое, што яны выбіраюць сваім спадарожным памочнікам «Белпошту».

Пошта – гэта пастаяннае развіццё, удасканаленне традыцыйных паслуг і распрацоўка новых.
І пры гэтым штодзённае пацвярджэнне свайго дэвіза:
«Хуткасць, надзейнасць, даступнасць».

Штогод 9 кастрычніка разам з калегамі з многіх краін беларускія паштавікі адзначаюць Сусветны дзень пошты.
— Паштовыя паслугі – неад’емная частка жыцця сучаснага чалавека. Пошта забяспечвае і падтрымлівае сувязь паміж людзьмі, дорыць радасць зносін з роднымі і блізкімі, сябрамі і калегамі, аб’ядноўвае чалавечыя сэрцы і лёсы, дазваляе эканоміць час, аплачваючы на месцы самыя разнастайныя паслугі, – адзначае начальнік РВПС Вольга Арэхва.
Ляхавіцкі раённы вузел паштовай сувязі – гэта 22 сельскія аддзяленні і адно гарадское. Апошняе літаральна месяц таму прыняло наведвальнікаў абноўленым. Да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” паштовыя памяшканні адрамантаваны і мадэрнізаваны, зала аформлена стыльна, сучасна, стала больш прасторнай. Прадугледжаны 4 спецыяльна абсталяваныя рабочыя месцы для аператараў. Зроблены капітальны рамонт у гандлёвым аддзеле і аддзяленні сувязі “Альхоўцы”.
Бесперабойную паштовую сувязь у нашым раёне з дня ў дзень забяспечваюць 123 супрацоўнікі. Кампетэнтнасць, прафесіяналізм, зладжаная работа – візітоўка ляхавіцкіх паштавікоў. Спраў хапае і ў нашым невялікім, здавалася б, райцэнтры. За месяц апрацоўваецца больш за 11000 звычайных пісьмаў, каля 4000 заказных, 1000 каштоўных, 1500 пасылак, каля 300 адпраўленняў экспрэс-пошты. Аператары ўважліва выслухаюць, прымуць заяўку ці аплату за паслугі, аформяць перавод ці пасылку. Паштальёны і ўвогуле работнікі незаменныя: карэспандэнцыю і пенсію даставяць адрасату, аплацяць паслугі, аформяць заказ на тавары паўсядзённага попыту, падпіску на газеты і часопісы. А яшчэ, і гэта не менш важна, проста пагутараць з чалавекам, выслухаюць, падбадзёраць. Мы прывыклі, што ў любое надвор’е чалавек ”з тоўстай сумкай на рэмені” даставіць пісьмы, паштоўкі, газеты. У многіх дамах, асабліва вясковых, ён самы чаканы госць. Нядаўна ганаровае званне “Ветэран сувязі” атрымала начальнік паштовага аддзялення сувязі “Галаўнінцы” Святлана Бярэзіч. А гарадскі паштальён Галіна Марцінкевіч узнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”.
Паштавікі – даўнія і надзейныя партнёры газетчыкаў, асноўныя распаўсюджвальнікі друкаванай прэсы: праводзяць падпіску на газеты і часопісы, дастаўляюць іх па адрасах. Напрыклад, сярэднямесячны тыраж газет і часопісаў, што атрымліваюць жыхары раёна, складае 18 тысяч экзэмпляраў. І асабліва прыемна і ганарова, што трэцяя частка з іх прыходзіцца на “Ляхавіцкі веснік”. Сярод рэспубліканскіх выданняў лідзіруе “СБ-Беларусь сёння”, сярод часопісаў – “Гаспадыня”. “ЛВ” шчыра цэніць сваіх памочнікаў. На працягу некалькіх гадоў лепшым па выніках падпіскі за паўгоддзе выплачваюцца прэміі.
Увогуле, спектр паштовых паслуг надзвычай шырокі. Як адзначыла намеснік начальніка РВПС Таццяна Дарашэнка, самыя папулярныя – прыём усіх відаў плацяжоў, перасылка і ўручэнне паштовых адпраўленняў (пісьмовая карэспандэнцыя, пасылкі, грашовыя пераводы). Экспрэс-пошта дазваляе даставіць пасылку ці пісьмо адрасату, які жыве ў межах Беларусі, на наступны дзень. Істотнай зручнасцю для кліента з’яўляецца аплата паслуг у рэжыме рэальнага часу, а таксама магчымасць аплаты за паслугі з іншых рэгіёнаў краіны. Сёлета са жніўня, дзякуючы паслузе “Пісьмо “Камфорт”, атрымальнік заказнога паштовага адпраўлення можа выбраць найбольш камфортныя для яго ўмовы дастаўкі: час, адрас і спосаб.
У сувязі з тым, што “Белпошта” – адзін з буйнейшых дылераў усіх аператараў мабільнай сувязі, у любым аддзяленні РВПС можна заплаціць за мабільныя паслугі наяўнымі грашовымі сродкамі ці банкаўскай карткай. А яшчэ пагасіць крэдыты больш як 10 банкаў, разлічыцца за паслугі Белтэлекама, жыллёва-камунальнай і газавай гаспадарак, электрасетак, аплаціць падаткі і зборы і іншае. Кліенты беларускай пошты маюць магчымасць абмяняцца міжнароднымі электроннымі грашовымі пераводамі.
У аддзяленні паштовай сувязі “Ляхавічы-2” для больш якаснага абслугоўвання і зручнасці кліентаў устаноўлены плацёжна-даведачны тэрмінал. Ён дазваляе атрымаць інфармацыю пра інтэрнэт-паслугі, месцазнаходжанне паштовых адпраўленняў, тарыфы і аплаціць паслугі з дапамогай безнаяўнага разліку.
Усё больш новых прыхільнікаў знаходзіць інтэрнэт-магазін “Белпошты”. Не выходзячы з кватэры ці кабінета можна выбраць і заказаць практычна любы тавар – ад паштоўкі да халадзільніка.
Усе супрацоўнікі РВПС ад сельскага паштальёна да начальніка – адзіная вялікая паштовая сям’я.
— Мы ўдзячны нашым кліентам за давер і за тое, што яны выбіраюць сваім спадарожным памочнікам “Белпошту”. А мы, у сваю чаргу, будзем рабіць усё, каб апраўдаць давер землякоў, – гаворыць Вольга Арэхва.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *