Добрая традыцыя ад «Белай Русі». У Ляхавіцкім раёне прайшла акцыя «Школьны партфель»

Што павінна быць у партфелі школьніка? Сшыткі, ручкі, алоўкі, дапаможныя прылады і г. д. Гэтымі днямі клопатам пра напаўненне ранца заняты многія бацькі.

Сабраць навучэнца па ўсіх правілах – справа нялёгкая. А калі ў сям’і некалькі школьнікаў, расходы павялічваюцца ў разы. На падрыхтоўку дзяцей да школы мнагадзетным сем’ям дапамогу аказвае дзяржава –
па ўсёй краіне з пачатку жніўня ідзе выплата ў памеры 98 рублёў 55 капеек на школьніка.
Не застаюцца ўбаку і ў многіх працоўных калектывах, прафсаюзы і г. д.


Раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» вызначаецца заўсёднай падтрымкай тых, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Сёлета ў рамках акцыі «Школьны партфель» у раённай арганізацыі прынялі рашэнне працягнуць руку дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваюцца шасцёра і больш дзяцей. 11 і 12 жніўня з прыемнай місіяй у дамы землякоў завіталі старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Леанід Калбаса і старшыня пярвічкі «Белай Русі» ТЦСАН Наталля Ісаханава, якія ўручылі для набыцця канцылярскіх прылад падарункавыя сертыфікаты на суму 40 рублёў, таксама перадалі флікеры і сувеніры васьмі мнагадзетным сем’ям.
У складзе віншавальнай дэлегацыі – і інспектар РАНС Аляксей Клетаніца: бяспека – важны момант жыццядзейнасці сем’яў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія. Выратавальнік правёў прафілактычную тэматычную гутарку, прывёў прыклады важнасці аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
– «Белая Русь» за час дзейнасці зарэкамендавала сябе як арганізацыя, што ўспрымае чужыя праблемы як свае.
Такая пазіцыя і далей будзе працягвацца. Гэта добрая традыцыя «Белай Русі», – падкрэслівае Леанід Калбаса.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.