Бацькі і дзеці. У СУП «Белазем’е» на камабайне працуюць бацька з сынам

У абазначэнне гэтага прадпрыемства яшчэ і зараз можна пачуць «райаграсэрвіс». Нягледзячы на той факт, што мінуў ужо час, як яно ўвайшло ў структуру Бярозаўскага мясакансервавага камбіната і стала СУП «Белазем’е».

Бацька Аляксандр і сын Ігар Буйкевічы – лепшы сямейны экіпаж раёна.

Валодае сярэднім памерам сельгасплошчаў: пад актуальнае гэтымі днямі-тыднямі жніво ў «Белазем’і» выйшла амаль паўтары тысячы гектараў сельгаскультур. Гэта менш, чым у «Шляху новым», аднак больш, чым, напрык-лад, у «Ляхавіцкім» ці «Начы». У «пакеце» сёлетніх уборачных плошчаў «Белазем’я» значацца каласавыя збожжавыя – пшаніца і яравы ячмень, авёс, азімы рапс. На завяршэнне першай дэкады жніўня прадпрыемствам было скамбайнавана каля 60 працэнтаў уборачна-планавых плошчаў. У мінулым засталіся рапс, ячмень, авёс. Сярэдняя ўраджайнасць топавай, канешне ж, не з’яўляецца, хоць да ўзроўню мінулага года і скаканула на добры дзясятак цэнтнераў на кожным гектары –
з 24 летась да больш як 34 адзінак сёлетняй ураджайнасці. Пры гэтым ёсць сэнс удакладніць, што «Белазем’ю» ў гаспадаранне дасталіся далёка не самыя сельскагаспадарча багатыя землі раёна.
У адзін з дзён тыдня камбайны прадпрыемства мы засталі на аўсяным полі. Убіраліся апошнія дзясяткі гектараў гэтай культуры. Квінтэт камбайнаў вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» быў досыць бадзёрым у рабоце. Трымаў жніўны тэмп і ўвагу вадзіцеляў-адвозчыкаў збожжа. Толькі-толькі МАЗ забраў збожжа з бункера адной уборачнай машыны, як светлавы сігнал падала другая, і МАЗ, не марудзячы, адправіўся падставіць свае плечы пад яе выгрузны шнэк-канвеер.
– Намалочанае збожжа адвозіцца ў Малое Гарадзішча. Туды-сюды – атрымліваецца не малое плячо, – патлумачыў гаспадарчы расклад малодшы па ўзросце і становішчы ў экіпажы Буйкевіч. Экіпаж дванаццаткі ў складзе старшага камбайнера Аляксандра Буйкевіча і камбайнера Ігара Буйкевіча з’яўляецца адным з найбольш прадукцыйных у «Белазем’і». І – лепшым сямейным па паказчыку агульнага намалоту ў раёне. Ужо на першы дзень бягучага тыдня сумарны бункер бацькі і сына Буйкевічаў важыў пад
900 тысяч тон збожжа і насення рапсу. Старшы камбайнер Аляксандр Буйкевіч з’яўляецца работнікам «Белазем’я» са стажам. «Стаж» работы Ігара на прадпрыемстве пакуль абмяжоўваецца дзвюма ўборачнымі кампаніямі. Леташняй, калі ў тандэме з бацькам правёў на камбайне ўвесь жніўны месяц, і сёлетняй, калі гэты месяц пройдзены пакуль напалову і працягваецца.
– На жніве з самага першага нашага дня. Выйшлі 18 ліпеня, убіралі рапс, пшаніцу, яравы ячмень, зараз, як бачыце, знаходзімся «на аўсах».
На пытанне пра адказы тэхнікі Ігар Буйкевіч адзначае: нічога сур’ёзнага не здаралася, машына дастаткова надзейная, ды і прайшла сур’ёзную перадсезонную падрыхтоўку.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель СУП «Белазем’е» Аляксандр Маляр.