Завершаны набор у Ляхавіцкі аграрны каледж. Якія вынікі?

Завершаны набор навучэнцаў у адасобленае падраздзяленне “Ляхавіцкі аграрны каледж” установы адукацыі “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Кантрольныя лічбы прыёму выкананы на 100 %. Ужо першага верасня каледж будзе вітаць “навабранцаў” 2022 года – 50 будучых фельчараў ветэрынарнай медыцыны, 25 аграномаў, 50 заатэхнікаў, 25 плодаагароднінаводаў.
Даволі спакойна прайшоў набор навучэнцаў пасля базавай школы. Сур’ёзна працавалі, жорстка канкурыруючы з ВНУ і іншымі ССНУ, падчас прыёму дакументаў на базе сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Выкананню лічбаў набору спрыяла загадзя праведзеная прафарыентацыйная работа – дні адчыненых дзвярэй, прафарыентацыйныя выезды, цеснае супрацоўнітва з установамі адукацыі роднага Ляхавіцкага і суседняга Баранавіцкага раёнаў.
Адметна, што са 100 абітурыентаў пасля базавай школы каля 60 % — гараджане, а вось пасля сярэдняй школы сітуацыя люстэркавая.
Уражвае геаграфія прыбыцця папаўнення. Прадстаўлены ўсе без выключэння раёны Брэсцкай вобласці, Вілейскі, Маладзечанскі, Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Мінскі раёны Мінскай вобласці. Па адным навучэнцы з Гомельскай і Гродзенскай абласцей. З паступіўшых жыхароў Ляхавіч і Ляхавіцкага раёна можна было б укамплектаваць вялікую, на 28 навучэнцаў групу.
Цікава, што найбольшы інтарэс да спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” праяўляюць дзяўчаты горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна – з 50 абітурыентаў іх 25.
Мікалай КРАЎЧУК, адказны сакратар прыёмнай камісіі.