13 октября жительнице Ляховичского района исполнится 100 лет

Напэўна, тых, хто мае шчасце дажыць да векавога дня нараджэння, на руках нясе Бог. Невыпадкова напярэдадні свята Пакроваў і Дня маці цудоўная жанчына Праскоўя Ярхова будзе адзначаць багаты на гады юбілей – 100-годдзе. Да рэдкай даты – асаблівая ўвага. Рэдкай, дарэчы, яшчэ і ў спалучэнні лічбаў – 13-ты дзень і год. Але тады на супадзенні ніхто не звяртаў увагу. Нарадзілася напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Тамбоўскай вобласці, час быў няпросты, але закончыла 4 класы царкоўнай школы, што ў тыя часы лічылася добрай адукацыяй. У 17 гадоў выйшла замуж. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мужа забралі ў армію. А на руках Праскоўі Ісаеўны засталося чацвёра дзяцей. Каб пракарміць іх, хадзіла ў поле і збірала зярняткі…
За даўгалецце дзякуе сваёй матулі, якая надзяліла яе прыродным запасам здароўя. Працалюбівая, трымала вялікую гаспадарку, у калгасе была звеннявой і шчыравала нараўне з усімі.
Жыццё яе не песціла, а быццам выпрабоўвала на моц і трываласць. Нарадзіўшы сямёра дзяцей, вырасціла шасцёра – старэйшая дачка памерла ў пяцігадовым узросце. Двое сыноў загінулі маладымі… Цяжкі мацярынскі лёс не зрабіў яе жорсткай. Праскоўю Ісаеўну заўсёды вылучала бязмежная дабрыня да людзей. Перажыўшы ў 1933-м і ў ваенныя гады голад, яна заўсёды імкнулася падзяліцца апошнім, дапамагчы. Меўшы ў гаспадарцы не менш за дзве каровы, раздавала малако суседзям: “А як жа, у іх – няма”, – гаварыла Праскоўя Ярхова.
Пражыла ў каханні і згодзе з мужам 61 год. Выхоўвала і ў дзяцей дабрыню, працавітасць, а яшчэ духоўную стойкасць і маральнасць. 18 гадоў назад яна пераехала з Расіі ў Беларусь – да дзяцей.
Сёння жыве ў сям’і малодшай дачкі Ніны, якая працуе галоўнай медсястрой у абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”. Вяскоўцы ведаюць і паважаюць Праскоўю Ісаеўну як мудрага, ураўнаважанага, спагадлівага і глыбока веруючага (з дзяцінства) чалавека. Яна чытае царкоўную літаратуру, захоўвае пасты. На працягу стагоддзя, нягледзячы на павароты лёсу, не адыходзіла ад жыццёвых прынцыпаў: не крыўдзіць і не рабіць дрэннага чалавеку, усім дараваць. Вакол яе – клапатлівыя і ўдзячныя ёй блізкія людзі. Вельмі любіць і паважае свайго зяця, і ён ёй плаціць тым жа. Яе багацце і шчасце – унукі і праўнукі. Іх у бабулі Праскоўі па сем. Жыццё пражыта не дарэмна. І чарада праўнукаў у свой час прадоўжыцца прапраўнукамі.
У святочны дзень Праскоўя Ярхова пачуе шматлікія віншаванні і пажаданні ад родных і проста знаёмых людзей і ад усёй душы падзеліцца з імі формулай доўгажыхарства, у транскрыпцыі якой простая парада: жыць па біблейскіх запаведзях.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *