Алей жарабковіцкай вытворчасці. Чатыры гады ў ААТ «Жарабковічы» працуе завод па выпуску рапсавага алею

Далёка не кожнае сельгаспрадпрыемства і нават не кожны раён можа пахваліцца тым, што ў яго ёсць уласны завод, няхай невялікіх памераў, дзе перапрацоўваецца рапс. А вось у Ляхавіцкім раёне такая вытворчасць прысутнічае – знаходзіцца ў ААТ «Жарабковічы».

Начальнік цэха Сяргей Сергіеня і прасоўшчык-адціскальшчык
Мікалай Пазяйчук.

Напрыканцы лета 2018 года на міні-заводзе, прадукцыйнасць якога – 400 кілаграмаў насення ў гадзіну, выпусцілі першыя літры рапсавага алею. Лінія па перапрацоўцы насення рапсу пры неабходнасці можа з такім жа поспехам працаваць з любой алейнай культурай. Хто ведае, можа калі-небудзь выйдзе і сланечнікавы алей з маркай «зроблена ў Жарабковічах». Чым не тэма для разважання па пытанні імпартазамяшчэння? Дарэчы, заводскае абсталяванне – замежнае, айчыннае і нават мясцовае, тутэйшыя майстры самі выконвалі будаўнічыя работы пад мантаж лініі.


– Чатыры гады назад на нашым заводзе па выпуску рапсавага алею пачалася вытворчасць. Дэбют аказаўся паспяховым. За першымі сотнямі кілаграмаў прадукту, надзвычай запатрабаванага рынкам, пайшлі сотні тон алею. Напрыклад, у 2021 годзе на заводзе перапрацавалі 2874 тоны рапсу і атрымалі 975 тон алею і 1809 тон макухі. Сёлета за паўгоддзе адпаведна – 1152 тоны рапсу, 361 тону алею і 741 тону макухі. Дарэчы, намалацілі сёлета рапсу на 1200 тон больш, чым летась, – гаворыць дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты.
Калі зазірнуць у сёлетнюю раённую ўборачную зводку, то відавочна, што бясспрэчны лідар і па засеяных плошчах (900 гектараў), і па ўраджайнасці (42,6 цэнтнера з гектара) – «Жарабковічы». Прычым,
аналізуючы папярэднія гады, і плошчы, і намалоты, і ўраджайнасць ідуць са знакам плюс.
Канешне, перавага ў наяўнасці завода па перапрацоўцы рапсу і ў тым, што для «Жарабковічаў» не ўзнікае пытанне, што рабіць з сабраным ураджаем. Вось і сёлета намалочаныя (за выключэннем 122 тон, якія адправіліся ў засекі дзяржавы згодна з дзяржзаказам) больш за 3800 тон пойдуць на перапрацоўку. І калі першы час, акрамя ўласнага, выкарыстоўвалі алейнае насенне, закупленае ў «Начы», «Шляху новым», то цяпер – толькі з тутэйшых палёў.
– Рапс паказаў сябе даволі рэнтабельнай культурай. А калі ўлічыць той факт, што зараз яе развядзенне ў краіне папулярызуецца, то не маглі ўпусціць такі шанц спрацаваць на эканамічны складнік гаспадаркі. Выдаткі, панесеныя гаспадаркай на будаўніцтва завода, абсталяванне, уладкаванне, даўно сябе апраўдалі. І цяпер усё ідзе толькі ў прыбытак. Тону рапсавага алею ў мінулым годзе можна было прадаць у залежнасці ад алейнасці за 2700–3600 рублёў. Наша сельгаспрадпрыемства сёлета за першае паўгоддзе рэалізавала 426 тон рапсавага алею на 1704 тысячы рублёў, за мінулы год – 920 тон на 3199 тысяч рублёў. Шмат увагі надаём сортнасці насення – закупляем і сеем гібрыды замежных сартоў і беларускі «марцін», якасныя мінеральныя ўдабрэнні, надалі ўвагу агратэхналагічным работам, на асаблівым кантролі – ход уборкі рапсу, – тлумачыць дырэктар «Жарабковічаў».
Хоць міні-прадпрыемства і даволі маладое, але там пастаянна ідзе ўдасканальванне вытворчасці. Вось і зараз у працэсе набыцця – тэхніка-абсталяванне – экструдэр, які дазволіць выпускаць макуху высокай якасці, павышаць прадукцыйнасць працы і павялічваць вытворчасць.
– Якасць алею залежыць ад якасці насення рапсу, тэрмінаў і ўмоў яго захоўвання. Асноўныя якасныя характарыстыкі – алейнасць (чым яна вышэй, тым большы выхад алею), вільготнасць. За суткі, а разлічана наша міні-прадпрыемства на кругласутачны рэжым работы, можам перапрацаваць ад дзевяці да дзесяці тон насення ў алей. Увесь працэс перапрацоўкі ў сваёй аснове аўтаматызаваны. Прасоўшчыкі-адціскальшчыкі Віктар Новік, Андрэй Свінабурка, Мікалай Пазяйчук, Аляксандр Бецька кантралююць працэс, – адзначае начальнік цэха Сяргей Сергіеня.


Алей ідзе на продаж, а вось прадукт перапрацоўкі насення – макуха – па прычыне сваіх высокіх пажыўных уласцівасцей – выдатны корм для буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы.
Пакуль у міні-завода невялікі – у некалькі тыдняў – тэхнічны перапынак: дробны рамонт, падфарбоўка, прыбіранне. Каб потым ва ўзмоцненым тэмпе пачаць перапрацоўку ўраджайнага сёлета рапсу. Сыравіны, дзякуючы высокай рапсавай ураджайнасці, хопіць да новага ўраджаю-2023.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.