Ляхавіччына:насычанасць палявой хронікі гэтых дзён знаходзіцца ў адпаведнасці з парой года за акном

У механізатара СВК «Шлях новы» Уладзіміра Махнача зараз «салодкая» пара.

Разнастайнасць сельскагаспадарчых клопатаў таксама ў поўным суладдзі з фарбамі восені. Ад сяўбы да ўборкі рознага кшталту вяршкоў-карэньчыкаў. Зрэшты, у “стройнасць”, у логіку прыведзенага ўмоўнага пераліку сяўба не ўпісваецца. Найлепшыя тэрміны выканання названай аперацыі адышлі беззваротна, і вярнуцца ў іх, “дагнаць”, каб зрабіць своечасова не зробленае, – азначае прыняць як непазбежнае факт страты якасці работ. Гутарка з галоўным аграномам райсельгасхарчу Мікалаем Каплыновым адбылася пазаўчора, і, па меркаванні спецыяліста, абсалютная большасць сельгаспрадпрыемстваў раёна прайшла гэты адказны адрэзак на “добра”. Хто на ”добра з плюсам”, іншыя на такую ж, але з мінусам адзнаку. Некалькі горшую адзнаку атрымалі ад галоўнага агранома райсельгасхарчу СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, ЗТАА “БелДан”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Апошняя арганізацыя, заўважым, з’яўляецца адным з буйнейшых на асеннім этапе сейбітаў раёна. Больш і, у тэму сказаць, лепш – толькі ў СВК “Шлях новы”.
Такую ж пазіцыю сэрвіс займае і ў раённым рэйтынгу бульбаводаў – 132 стартавыя гектары. Больш і, зноў-такі, лепш толькі ў “Ляхавіцкім”, дзе другі хлеб ужо ўбралі і сабралі ў сярэднім па 283 цэнтнеры клубняў з гектара. У райаграсэрвісе, між іншым, ураджайнасць не дацягвае да названых цэнтнераў зусім крыху. У адносінах жа тэмпаў уборкі падабенства няма і блізка: каля паловы першапачатковых бульбапасадак ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” усё яшчэ ў баразне. Не завяршылі ўборку клубняў і ў “Жарабковічах” – прыкладна, на паўтара–двух дзясятках гектарах з 90 увогуле, пры сярэдняй ураджайнасці 240 цэнтнераў з гектара.
– Неабходна на працягу бліжэйшых дзён скруціць і звазіць лён. Ну ці хоць бы першае, але і вывазку адкладваць нельга. У першую чаргу, ільнозаводу і льнонасеннай станцыі. Іншыя гаспадаркі давершаць, трэба спадзявацца. Ну і кукуруза патрабуе ўвагі. Трэба значна паскорыць – фарсіраваць, калі вобразна, яе ўборку. Як на сілас і зялёны корм, так і на зерне. “Ляхавіцкі”, напрыклад, гэта пытанне ўжо не клапоціць – пройдзены этап. Агракаледж убраў, “Востраў-Агра” і ўсё – больш няма каго назваць. Да таго ж, і надвор’е спрыяе вядзенню работ, – патлумачыў сітуацыю Мікалай Каплыноў.
Уборка цукровых буракоў ідзе сваім ходам. Можна было б сказаць, поўным ходам, калі б не, як адзначае спецыяліст, лімітаваныя магчымасці буракапрыёмкі. Напрыклад, магутнасці Ляхавіцкага прыёмачна-перавалачнага пункта абмяжоўваюцца ўсяго шасцю вагонамі ў дзень. Наша квота ў Баранавічах таксама жадае быць большай. Асабліва на фоне лепшай сярод раёнаў вобласці ўраджайнасці. Яе сярэдні паказчык складае ў нас высокія 560 цэнтнераў з гектара.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *