На парадку дня – добрапарадак

У Навасёлках – новае. Тамашнюю мясцовую адміністрацыю ўзначаліў новы чалавек, аднак, “стары” кіраўнік. Аляксандр Буйкевіч прайшоў добрую вытворчую школу, мае багаты адміністрацыйна-ўпраўленчы вопыт. Узначальваў адно з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны, займаў таксама і пасаду аналагічную сваёй сённяшняй. На якой, дарэчы, усяго некалькі дзён і адразу – з карабля на баль. Калі за апошняе прыняць выязны семінар па добраўпарадкаванні, максімальным паляпшэнні ўмоў жыцця, што адбыўся на тыдні на базе Навасёлкаўскага сельсавета.
“Пашпартныя” даныя аднаго з адзінаццаці адміністрацыйна-тэрытарыяльных падраздзяленняў нашага раёна такі выгляд маюць. На плошчы каля 88 квадратных кіламетраў у 19 рознавялікіх населеных пунктах пражывае (па стану на пачатак года) 2548 чалавек. Заўважым, абсалютную колькасную полюснасць: найбольш населена сумежная з райцэнтрам Вялікая Лотва – 642 жыхары. Густа ў параўнанні з Макееўшчынай і вёсачкай Гірыч-Поль, дзе налічваецца 6 і 5 жыхароў, адпаведна. На тэрыторыі сельсавета з’явіўся і адзін з першых у раёне аграгарадкоў. Навасёлкаўскі быў пабудаваны ў 2005-ым, а статус аграгараджан маюць 576 жыхароў.
Іменна яго і наведалі ўдзельнікі семінара на чале з старшынёй райсавета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам, а таксама кіраўнікі сельскіх адміністрацый, аддзелаў райвыканкама, арганізацый і ўстаноў сацыяльна-бытавога “блока” Ляхавіччыны і іншыя.
Прыдзірліва прайшліся па цэнтральнай частцы, наведалі аб’екты сацкультбыту Навасёлкаўскага. “Цэнтральныя” ўражанні даволі светлыя і аптыміс-тычныя: зялёная паласа ўзбочын, дагледжаныя агароджы. Замацаваны спецыяльны работнік, у абавязках якога – уборка вуліцы пасля праходжання па ёй статка. “За фасадам” так не заўсёды і далёка не ўсюды. І гэта ў пэўнай ступені характэрна не толькі для названага населенага пункта, але і для некаторых іншых, у тым ліку і аграгарадкоў раёна. На падобны факт, па словах Яўгенія Юрлевіча, не-не ды і звяртаюць увагу жыхары аграгарадскіх ускраін, так бы мовіць.
Першае на маршруце семінара – мясцовае аддзяленне паштовай сувязі – у яго ўдзельнікаў не выклікала асаблівых нараканняў. Наадварот: акрамя задавальнення класічнага набору паштовых паслуг, тут прапаноўваюцца і маюць спажывецкі попыт тавары асобных найменняў і груп. Выражаная ў грашовых адзінках лічба тавараабароту параўнальная з аналагічнай некаторых невялічкіх крамаў.
Які вынік атрымаецца, калі раённую сістэму адукацыі “прасканіраваць” глыбока, гаварыць не бяруся, аднак, кожны раз пасля наведвання, прынамсі, сельскіх школы ці дзіцячага садка нязменна застаюцца прыемна-цёплыя ўражанні. Не выключэнне і Пранчакоўская сярэдняя, дзе разумнаму-добраму- вечнаму вучацца зараз 122 выхаванцы. Памяшканне больш як 40-гадовай даўнасці пасля адносна нядаўняга па праграме аграгарадкоў рамонту, калі, у прыватнасці, былі заменены ваконныя блокі, дах, выгляд мае варты. І такія ж функцыянальныя здольнасці. Па словах дырэктара Алы Клішэўскай, для ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу ёсць усё неабходнае, хоць і нічога лішняга. “Фішка” Пранчакоўскай СШ – музей ільну – прэтэндуе на арыгінальнасць, магчыма, абласнога маштабу. Разнастайныя льняныя вырабы і паўфабрыкаты, старыя прадметы і прылады яго апрацоўкі сабраны тут. Як адзначалася, адну з асноўных сваіх задач калектыў школы бачыць у выхаванні ў хлопчыкаў і дзяўчынак патрыятызму і шчырага пачуцця любві да сваёй радзімы. Каб заставаліся ў родных мясцінах, вярталіся пасля заканчэння прафесійных, сярэдніх, вышэйшых навучальных устаноў дамоў, на працу ў мясцовы СВК “Шлях новы”. Цікаўнасць у тым узаемная: ад поспехаў гаспадаркі залежыць узровень функцыянавання і работы школы. І наадварот.
Прасачыць усе “прыпынкі” на маршруце семінара не здаецца неабходным. Аддзяленне банка, гандаль па групах ці прызначэнні тавараў, у тым ліку адасоблены “куток” тавараў пад шыльдай “Цэнтр падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак”. Такіх гаспадарак, дарэчы, на тэрыторыі сельсавета налічваецца 1116. Падобныя куткі, падкрэсліў Яўгеній Юрлевіч, павінны быць у кожным сельсавеце.
Навасёлкаўскі аздараўленчы комплекс увабраў у сябе Дом культуры, урачэбную амбулаторыю, гульнявую спартзалу, іншае. Зрэшты, спартыўныя гульні праходзяць тут альбо вельмі нячаста, альбо ў вельмі далікатнай манеры. Экранныя сеткі на вокнах адсутнічаюць, тым не менш ні аднаго пашкоджанага мячом шкла няма. “Рамкі” варот па форме нагадваюць паралелаграм, прыстасаванні для замацавання валейбольных стоек выявіць не ўдалося.
У канферэнц-памяшканні НАКа былі падведзены вынікі семінара. Выступалі намеснік старшыні райвыкан-кама Уладзімір Гурскі, галоўны санурач раёна Віталій Ціханаў, начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Баргамон, дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі. Збор і ўтылізацыя бытавых адходаў, утрыманне ў належным парадку міні-палігонаў ТБА, нюансы прыродаахоўнага заканадаўства – кароткі пералік узнятых тэм і пытанняў. Закраналіся таксама і некаторыя бюракратычна-юрыдычныя аспекты.
Пастаўленая Яўгеніем Юрлевічам кропка запомнілася: старшыні сельсаветаў і “іх” сельгаспрадпрыемстваў павінны працаваць у цеснай звязцы і вочы-у-вочы з людзьмі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *