Выступае народная эстрадная студыя “Экспрэс” з Ляхавічаў

У “Экспрэсе” выпадковых удзельнікаў няма. Тут толькі творчыя людзі, якія любяць музыку і тых, для каго пяюць. І не важна – са сцэны сельскага клуба ці вялікай эстраднай пляцоўкі накшталт сёлетняга абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013”, кожны нумар адточаны да дробязей.

“Выступае народная эстрадная студыя “Экспрэс”! – пасля гэтых слоў вядучых зала ўзрываецца апладысментамі. Так сустракаюць папулярны і добра вядомы не толькі ў раёне эстрадны калектыў Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры райаграсэрвісу на разнастайных канцэртах, фестывалях, музычных праграмах.
Папулярнасць прыйшла не адразу, любоў і пашану слухачоў неабходна заслужыць. Гэта ў “экспрэсаўцаў” атрымалася выдатна. Чым прываблівае група? Мілагучнасцю галасоў, шырокім песенным рэпертуарам (ад народных да эстрадных твораў), адметным стылем. У самадзейных артыстаў удала атрымліваецца перадаць настрой песні, данесці яе да слухача так, каб яна спадабалася, запомнілася, каб яе хацелася чуць зноў і зноў.
Калектыў пачаткам сваёй гісторыі лічыць 1996 год, калі адбылося першае выступленне групы пад назвай “Экспрэс”. Дэбют аказаўся паспяховым. З кожным годам павышаўся ўзровень выканальніцкага майстэрства, і ў 2003 годзе калектыў, нязменым кіраўніком якога з’яўляецца Юрый Грынь, атрымаў званне “народны”. “Экспрэсаўцы” ўжо і не падлічаць, колькі з таго часу выступленняў і канцэртаў было праведзена.
Гавораць, артыст адбыўся тады, калі ён запатрабаваны. Састаў калектыву мяняўся не часта. Юрый Грынь называе сённяшніх удзельнікаў студыі: Ларыса Бобер, Святлана Сталярчук, Вольга Цімашок, Алена Праневіч, Надзея і Андрэй Цямчыкі, Уладзімір Туцін, Васілій Шпак, Аляксандр Гуліцкі. Пакуль у дэкрэтным водпуску салісткі Ірына Прыхач і Таццяна Жукоўская. Большасць удзельнікаў студыі мае музычную адукацыю і ўсе – талент артыста. Таму іх выступленні заўсёды прафесійныя. Кожны канцэртны нумар творчага, індывідуальнага і артыстычнага “Экспрэса” надзвычай экспрэсіўны.
Галіна КАНЬКО.
Фота  з архіва студыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *