Касьба пад парасонам

Трапна заўважана: як касіць, так і дажджам ліць. Хто самы ўвішны «выхапіць» дзень-другі добрага надвор’я, там, глядзіш, і скошана сотня гектараў, закладзена траншэя сенажу. Сёлета сітуацыя вельмі складаная: пакуль што скошана ўсяго 1684 гектары шматгадовых і лугапашавых траў. Частка іх засталася ляжаць пад дажджамі. Гэта парушэнне тэхналогіі закладкі любога корму, бо трацяцца пажыўныя рэчывы. Урыўкамі, калі выпадае хоць па некалькі гадзін добрага надвор’я, заклалі першыя сотні тон сенажу СВК «Шлях новы», «Дарава», настроены па-баявому ў СВК «Канюхі», аграрным каледжы. Астатнія марудзяць. Між іншым, ёсць яшчэ адзін выхад — прыгатаванне кансерваванага корму. Упраўленне райсельгасхарчу райвыканкама прадугледзела сітуацыю, і цэнтралізавана быў закуплены спецыяльны кансервант, размеркаваны паміж гаспадаркамі ўжо тыдзень таму. Але пакуль нідзе не кінуліся гатаваць гэты корм, хоць на яго якасць надвор’е не ўплывае. Большасць сельгаскааператываў знахо-дзіцца ў чаканні. Магчыма, праблема ў іншым?
На пасяджэнні савета ўпраўлення райсельгасхарчу тэрмінова вынеслі на абмеркаванне пытанне аб ходзе нарыхтоўкі кармоў. У некаторых сельгаскааператывах яшчэ да гэтага часу не падрыхтавана тэхніка. У СВК «Ліпнянка», якому трэба ўбраць 1800 гектараў траў першым укосам, толькі збіраюцца ехаць па запчасткі для КЗРа. Праўда, там падтоплены вялікія плошчы, але на асобных участках можна ўпаўне весці работы.
— Усё гатова для касавіцы, — заяўляюць у ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс» і тэхніку раздаюць іншым гаспадаркам, у сябе ж марудзяць. Гэтаму сельгас-прадпрыемству, якое мае 3 кормаўборачныя звяны, укамплектаваныя тэхнікай і людзьмі, упаўне можна адно «ахвяраваць» для сваіх патрэб.
Многія сельгаспрадпрыемствы шукаюць спосабы, каб справіцца з першым укосам як мага хутчэй і прадукцыйней. Напрыклад, сёлета гэтак жа, як і летась, СВК «Дарава» кааперыруецца з суседам — СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік». Аб’яднаўшы тэхніку, касавіцу мяркуюць правесці ў міні-мальныя, тэхналагічна рэкамендаваныя тэрміны — закласці сянажныя траншэі. Так арганізаваліся летась і працаўнікі СВК «Ліпнянка» і ”Востраў». Іменна для гэтых гаспадарак кааперацыя — вельмі добрае выйсце. Але чамусьці першы вопыт не пайшоў ім на карысць: цяпер гаспадаркі працуюць кожная на сябе і вельмі марудна. Без выключэння ўсім сельгаскааператывам патрэбна тэрмінова нарошчваць касавічныя тэмпы. Каб нарыхтаваць на стойлавы перыяд для грамадскага статка па 27,6 цэнтнера кармавых адзінак травяных кармоў (столькі патрабуецца для бязбеднай зімоўкі), першы ўкос траў на плошчы ў 10925 гектараў павінен прайсці арганізавана, хутка, якасна і завершыцца да 15 чэрвеня.
Неспрыяльнае надвор’е перашка-джае выкананню і яшчэ адной неад-кладнай работы: якраз у гэты час праводзіцца хімпраполка і ўносяцца мікраўдабрэнні пад азімыя і яравыя культуры. Сёлета з дажджамі ўзмацняецца рост пустазелля, і нельга ўпусціць першапачатковую фазу яго развіцця. Там, дзе нармальна арганізавана работа, усё ідзе нібы па канвееру. Але ёсць і такія сельгаскааператывы, дзе без праблем не абыходзіцца: то няма прэпаратаў, то тэхнікі, то,
нарэшце, прычына — дождж.
Мікалай КАПЛЫНОЎ, галоўны аграном райсельгасхарчу.
Аліна ЛАПІЧ, карэспандэнт «ЛВ».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *