Залатое руно Канюхоў

Вельмі прывабна выглядаюць валёнкі на нагах модніц. Так, іменна модніц, бо яны першымі прымералі на сябе гэты камфортны зімовы абутак у новым выкананні. Ах, валёнкі, ды валёнкі… Яны сёння самых розных колераў, аздобленыя  аплікацыямі, вышыўкамі, мехам – высокія ці кароценькія…

Да вытворчасці гэтага цудоўнага зімовага абутку самае непасрэднае дачыненне мае СВК “Канюхі”, які спецыялізуецца на гадоўлі авечак. Гаспадарка пастаўляе воўну  на фабрыку, дзе “б’юць” валёнкі. А яшчэ “цёплая” сыравіна запатрабаваная на швейных прадпрыемствах, якія спецыялізуюцца на пашыве коўдраў – як напаўняльнік. Авечыя скуры – аўчыны – закупляюць абутковыя фабрыкі. Па-ранейшаму папулярныя і стравы, прыгатаваныя з бараніны: напэўна, кожны хоць раз смакаваў сапраўдны шашлык ці шурпу.

Столькі карысці з адной жывёліны! Нездарма, згодна міфалогіі, скура барана лічылася магічным гарантам багацця і працвітання.

Раман БАЎТРУКЕВІЧ,галоўны заатэхнік СВК «Канюхі».

Галоўны заатэхнік Раман Баўтрукевіч.

Я жыву ў вёсцы, якая, на першы погляд, нічым не адрозніваецца ад іншых населеных пунктаў. Але ёсць тут асобыя прыкметы, мала характэрныя для астатніх. Замест статкаў кароў па пашы ходзяць атары авечак. Галоўная прафесія канюхоўцаў – чабан.

У СВК “Канюхі” ўсяго 60 працуючых. Гэты невялікі калектыў, акрамя асноўнай  вытворчасці, паспявае і хлеб сеяць, і лён расціць, трымае ферму буйной рагатай жывёлы. У нас свой мехдвор і машынна-трактарны парк, зерняток і, зразумела, многае зроблена для таго, каб развіваць авечкагадоўлю.

Статус гаспадаркі Канюхі набылі ў 1974 годзе, калі аддзяліліся ад калгаса “Беларусь”, дзе вёска была адной з вытворчых брыгад. Тады з усяго раёна былі звезены ў Канюхі авечкі, пачала фарміравацца спецыялізаваная гаспадарка. Спачатку пабудавалі аўчарню, пасля яшчэ памяшканне і паставілі на  гадоўлю 2750 жывёлін.

Першым старшынёй калгаса “Дружба” (так назвалі гаспадарку) абралі Аляксандра Дыдышку. Іменна яму давялося быць першапраходцам у практычна новай справе – авечкагадоўлі.  Аказалася, што ў нашай мясцовасці гэтая галіна можа плённа развівацца. Паспяхова выконваліся планы: здавалі   па  4 тоны чыстага валакна, на Баранавіцкі мясакамбінат адпраўлялі бараніну, быў наладжаны выраб скур. Праўда, той прагрэс стаў магчымы дзякуючы датацыям дзяржавы, якая брала на  сябе  75 працэнтаў затрат на развіццё вытворчасці. Дарэчы, такая гаспадарка як наша існавала амаль у кожным раёне рэспублікі. Бараніна па  праву лічыцца адным з самых карысных прадуктаў харчавання і была запатрабаванай.

У нас на той час з’явіліся свае знатныя чабаны. І сёння, калі завесці гаворку са старэйшымі вяскоўцамі,  яны ўспомняць Соф’ю Цімашэнка, якая, калі пачынаўся масавы акот аўцаматак, амаль суткамі прападала на ферме, выходжвала, песціла нованароджаных ягнят. Успомняць заўзятага работніка Івана Вэнцаля. І зараз жыве ў  Канюхах Ева Рамейка – майстар па стрыжцы авечак, перадавік вытворчасці. З сённяшніх працаўнікоў прыгадваюць Марыю Русакевіч, якая вельмі любіць сваю работу і дабіваецца добрых вынікаў.

Рост вытворчасці ў гаспадарцы прыпадае на перыяд, калі старшынёй быў Яўгеній Юрлевіч.

Заатэхнік-селекцыянер Наталля Шчэрба

На жаль, да нядаўняга часу, цікавасць да развіцця авечкагадоўлі ў рэспубліцы зменшылася, гэтая галіна жывёлагадоўлі заставалася без ранейшай увагі і фінансавання, адпаведна. Многія адмовіліся ад развядзення авечак. А вось у нашым раёне, як бы складана ні было, гаспадарку здолелі захаваць іменна ў тым выглядзе і статусе, у якім яна была з самага свайго заснавання. Мы засталіся адзіным у рэспубліцы авечкагадоўчым сельгаскааператывам.

Канешне, многае змянілася і ў нас. Па ўмовах рыначнай эканомікі трэба самім прыстасоўвацца да любой сітуацыі, разлічваць толькі на ўласныя сілы і сродкі. Хоць, дарэчы, на ўтрыманне аўцаматак датацыі паступаюць. Усё астатняе залежыць ад таго, наколькі граматна і мудра бу-дзе арганізавана вытворчасць на месцы.

Зразумела, многае вырашаюць людзі, якія працуюць, але ў гэтым плане ў нас традыцыя: адказнасць, сумленнасць сталі  характэрнымі рысамі большасці працаўнікоў. На сродкі гаспадаркі праводзіцца рамонт і рэканструкцыя аўчарняў (іх  5), добраўпарадкуецца тэрыторыя.

Прадаём авечак жывой вагой. Прыязджаюць нават прадстаўнікі пасольстваў і консульстваў мусульманскіх дзяржаў у нашай краіне, заключаюць дагаворы на пакупку жывёл. СВК “Канюхі”   пастаўляе бараніну для вырабу дзіцячага харчавання. Сёлета, напрыклад, мы павінны адправіць на Аршанскі мясакансервавы камбінат 25 тон бараніны.

Гаспадарка  ў пастаянным пошуку новых рынкаў збыту воўны, мяса, скур, працуем над павелічэннем пагалоўя і развядзеннем новых парод авечак, пераважна гадуем прэкасаў і тэкселяў. СВК “Канюхі” – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскай выставы ў Мінску, дзе заўсёды павышаная ўвага да нашых дагледжаных экспанатаў. Адна з нямецкіх фірмаў гатова да супрацоўніцтва, укладання інвестыцый. Стараемся многае змяніць у арганізацыі вытворчасці. Сёння ў статку гаспадаркі 1600 аўцаматак, да канца года іх будзе каля 2000.

Нядаўна заключылі дагавор на пакупку ва Украіне 700 племянных жывёлін асканійскай пароды мяса-воўнавага накірунку: з рэспубліканскага бюджэту гаспадарцы мэтанакіравана выдзелена 2,5 мільярда рублёў.

Загадчыца фермы Наталля Гаўрыкава.

Абнадзейвае перспектыва. У рэспубліцы распрацавана праграма, згодна якой плануецца аднавіць 6 авечкагадоўчых племзаводаў. У лік іх увайшоў і СВК “Канюхі”. Мы склалі бізнес-план, які прадугледжвае, найперш, рэканструкцыю і пабудову новых памяшканняў для гадоўлі авечак. Калі праграма “запрацуе”, то да 2015 года павялічым пагалоўе да 12000.

Вядзенне такой гаспадаркі, зразумела, запатрабуе шмат новых кадраў: і спецыялістаў, і даглядчыкаў. Па нашай ініцыятыве з Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам заключаны дагавор: курс лекцый для навучэнцаў будзе прысвечаны іменна авечкагадоўлі. Плануем таксама на базе  сельгаскааператыва стварыць вучэбны цэнтр падрыхтоўкі кадраў для сваёй гаспадаркі і для ўсіх жадаючых: у нас ёсць майстры стрыжкі авечак, вопытныя чабаны і г.д.

Калі заглянуць у яшчэ больш аддаленую перспектыву, то мы  марым  займацца перапрацоўчымі промысламі, напрыклад, па вырабе скур, адкрыць цэхі кансервавы і па расчэсванні воўны. А яшчэ хочацца, каб атары авечак папоўніліся пародай танкарунных.

Раман БАЎТРУКЕВІЧ,

галоўны заатэхнік

СВК «Канюхі».

Запісала Аліна ЛАПІЧ.

One thought on “Залатое руно Канюхоў

  • 16/10/2013 в 23:38
    Permalink

    Вот ещё один адрес для организации экскурсий по району. Если всё организовать на должном уровне и правильно себя презентовать, туристам было бы , наверное, интересно. А если бы ещё организовать небольшое производство валенок… Это всё было бы только на благо людей и района.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *