Жніво з гісторыяй рэкордаў. Гэта пра «Дажынкі-2022», што праходзілі ў Навасёлках Ляхавіцкага раёна

Гэта свята немагчыма пераблытаць ні з якім іншым! І дзе б яно ні ладзілася, там заўжды па-асабліваму ўтульна, неяк па-роднаму і па-дамашняму, але ж заўжды з зайздросным маштабам і відовішчна.

Сёлета раённае свята працаўнікоў вёскі прымалі Навасёлкі. Як жа аграгарадок рыхтаваўся да такіх жніўных урачыстасцяў: аднаўляўся-рамантаваўся-добраўпарадкаваўся. Стараліся ўсе службы раёна, сельвыканкам, мясцовая гаспадарка «Шлях новы», стараліся і мясцовыя жыхары стварыць такую прыцягальнасць сваёй малой радзімы.

У мінулую суботу доўгачаканае свята сабрала тых, каго па праве можна назваць героямі сённяшняга часу. Як бы складана ні было, як бы ні выпрабоўвала на трываласць надвор’е, ды і здаровая канкурэнцыя не давала хвілінку на перадых, нашы хлебаробы зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб сёлетнія «Дажынкі» ляхавічане ўпісалі ў гісторыю з адзнакай шматлікіх рэкордаў.
Яшчэ зранку ляхавічане спяшаліся на свята, тым больш па дарозе трэба абавязкова сфатаграфавацца з саламянымі фігурамі, што канкурыравалі паміж сабой у крэатыўнасці і ўнікальнасці. А ў Навасёлках, акрамя галоўнай сцэны, паспець паглядзець усе выставы, пакаштаваць, што прыгатавала для гасцей Ляхавіцкае райпо, і вызначыць, хто самы-самы ў конкурсе падвор’яў.
Між іншым, у апошнім спаборніцтве журы не пазайздросціш. Кожны падворак смачна-багаты на асартымент беларус-кай кухні, а ў дапаўненні з харызмай і гасціннасцю ляхавіцкіх гаспадароў усё гэта стварала сапраўдны каларыт беларускага вясковага жыцця.
Але ж самае галоўнае – вакол усмешкі нашых рупліўцаў. Сёння яны забыліся на час, што сельскагаспадарчыя справы працягваюцца, змянілі працоўны стыль на афіцыйна-дзелавы і падрыхтаваліся да віншаванняў. І яны гэта па праве заслужылі.
Вялікім шэсцем сельскагаспадарчыя калектывы прайшліся па цэнтральнай вуліцы Навасёлак, радасна вітаючы гасцей і гаспадароў тутэйшых зямель, у суправаджэнні самадзейных артыстаў раёна яны заззялі ў жнівеньскі спякотны дзень…


Працяг  чытайце ў «Ляхавіцкім весніку» ў матэрыяле «Жніво з гісторыяй рэкордаў» ад 31  жніўня 2022 г.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ