Першавераснёўскае спатканне. Заўтра ва ўсіх школах Ляхавіцкага раёна прагучыць залівісты званок, які абвясціць пачатак новага навучальнага года

Ізноў восень. Ізноў у школу. Заўтра эстафету бярэ 2022/2023 навучальны год. Спатканне ўсе школы раёна прызначылі сваім навучэнцам на 9 гадзін раніцы.

Напоўняцца звонкімі дзіцячымі галасамі гарадскія і сельскія ўстановы адукацыі, празвіняць школьныя званкі, і адправяцца ў дзіўнае, змястоўнае, запамінальнае падарожжа па краіне ведаў у суправаджэнні сваіх настаўнікаў хлопчыкі і дзяўчынкі. Наперадзе ў іх дзевяць месяцаў школьных сустрэч, чатыры захапляльныя чвэрці з мноствам задач, сачыненняў, пераказаў, тэстаў – адным словам, урокаў, і не менш чаканымі перапынкамі, канікуламі і пазакласнымі мерапрыемствамі.
13 школ і гімназія 1 верасня гасцінна расчыняць дзверы ў Ляхавіцкім раёне для
2550 навучэнцаў. Асаблівым стане год для каля 260 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія цяпер не дашкаляты, а першакласнікі. З адценнем смутку гэты першы званок будзе для
200 адзінаццацікласнікаў. Для іх 1 верасня – пачатак развітальнага года са школай і дзяцінствам.
790 маленькіх землякоў чакае час прыгод у 11 дзіцячых садках.
608 настаўнікаў – вось такая вялікая дружная педагагічная сям’я будзе вучыць, выхоўваць падрастаючае пакаленне. Прычым, для 13 настаўнікаў гэты навучальны год стане першым у прафесійнай педагагічнай кар’еры.
Прывітанне, школа! У добры шлях, рабяты і настаўнікі. Цярпення і сіл вам, бацькі. Усіх – з новым навучальным годам!

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.