Рэсурс эканомікі- у зніжэнні рэсурсаёмістасці

Танна вырабіць і дорага прадаць. Калі быць простым у тлумачэннях, так выглядае прынцыповая схема любога камерцыйнага праекта. Спецыялісты ў гэтым выпадку скарысталіся б прафесіянальнай тэрміналогіяй і намалявалі  паралельную формулу: мінімальнасць сабекошту тавару ў спалучэнні з рынкавай запатрабаванасцю і пры максімуме адпускных цэн на яго служаць гарантыяй стабільнасці суб’екта гаспадарання. Сваволіць з цэнамі не атрымаецца пры ўсім жаданні. Гэта прэрагатыва рынку, заснаваная на яго кан’юнктуры. А вось зменшыць гаспадарчыя выдаткі і тым самым дабавіць сабе рынкавай прывабнасці і запатрабаванасці абсалютна рэальна. Ды і неабходна ва ўмовах, калі месца “пад рынкавым сонцам” проста так не даецца, допускам можа стаць выгаднасць суадносін цаны і якасці.

Сабекошт адзінкі прадукцыі, паслугі фарміруецца многімі складальнікамі. У тым ліку і ў вельмі значнай ступені залежыць ад рэсурсаёмістасці тавару. Гучанне тэрміну дастаткова раскрывае яго сэнс, але ж патлумачым: гэта адносіны колькасці выкарыстаных рэсурсаў да колькасці вырабленай прадукцыі. Чым менш першае і чым больш другое, тым лепш. Імкнуцца ў гэтым накірунку нам ёсць куды: статыстыка сведчыць, што ў краінах Усходняй Еўропы рэсурсаёмістасць адзінкі валавога ўнутранага прадукту значна вышэй, чым у Заходняй Еўропе.

У сваю чаргу рэсурсаёмістасць таксама мае шэраг складальнікаў. Гэта і матэрыялаёмістасць, і металаёмістасць, і водаёмістасць, і энергаёмістасць. Калі простай мовай – паўсюдная ашчаднасць пры спажыванні ўсіх відаў энергіі як на бытавым узроўні, так і ў працэсе гаспадарчай дзейнасці.

Раённай праграмай энергазберажэння на 2013 год прадугледжваецца ўкараненне 33 мерапрыемстваў. Розных маштабаў, аднак, з разлікам на эфектыўнасць у карыстанні нейкім з відаў энергіі. У якасці мэтавага фінансавага базісу праграмай прадугледжана 17,875 мільярда рублёў, у тым ліку 275 мільёнаў з рэспубліканскага бюджэту. Бюджэт мясцовы дадасць свае 10,737 мільярда, уласныя сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, дзе мяркуецца ўкараненне навінак, складуць 1,7 мільярда.

Вынікі работы ў трэцім квартале года пакуль у стадыі падвядзення, таму за арыенцір прымем першую палову 2013 года. За студзень-чэрвень прадпрыемствы раёна выканалі 20 мерапрыемстваў праграмы. Эканамічны эфект ад зробленага вызначаецца эквівалентам у 173 тоны ўмоўнага паліва. Для параўнання, гадавы план прадугледжвае выхад на паказчык 730 тон.

Два энергазберагальныя комплекс-дзеянні па Ляхавіцкім раёне ўвайшлі ў аднайменную абласную праграму – мадэрнізацыя сістэм холадазабеспячэння і завяршэнне работ па цеплавой рэабілітацыі халадзільных камер на прадпрыемствах Ляхавіцкага райпо. Работы завершаны падпісаннем акта аб уводзе аб’екта ў дзеянне.

Да ліку найбольш заметных энергазберагальных мерапрыемстваў апошняга часу, несумненна, варта аднесці замену двух не першай маладосці катлоў на энергаэфектыўныя цеплаагрэгаты на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Гэтае ж прадпрыемства даўкараніла ў вытворчую схему 2 частотна-рэгулюемыя электрапрывады і столькі ж пласцінчатых цеплаабменнікаў. Наогул, малочны завод можна ахарактарызаваць як самую энергаэфектыўную вытворчую адзінку раёна. Там гэтыя пытанні пад пільнай увагай і ў пастаянным руху. У тым ліку і без прывязкі да той ці іншай праграмы. Эфектыўнасць расходавання ўсіх відаў рэсурсаў з’яўляецца адным з трэндаў прадпрыемства. Як, хоць не ў тэму, але дарэчы будзе сказаць, стаўка на натуральнасць і якасць вырабляемай прадукцыі.

Многае  па эканоміі цеплавой і электрычнай энергіі робіцца ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Толькі за апошні час праведзена “ракіроўка” некалькіх адзінак помпавага абсталявання, на адным з участкаў укаранёны частотна-рэгулюемы электрапрывад, усталяваны пласцінчатыя цеплаабменнікі. З той жа “оперы” і замена старых труб цеплатрас на трубы папярэдне ізаляваныя, лінейны каэфіцыент страты цяпла якіх адрозніваецца заметна і выгадна. А гэта штогадовы міжсезонны клопат камунальнікаў, які распаўсюджваецца не толькі на горад, але і на сельскія тэрыторыі.

У пагоні за еўрастандартамі энергаспажывання зроблена і робіцца многае і будзе працягвацца. Магчыма, з іншай інтэнсіўнасцю і лепшымі паказчыкамі на выхадзе. Неабходнасць таго відавочная на фоне невыканання раёнам за справаздачны тэрмін мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. Разлічаны ў супастаўных умовах, ён рэальна склаў адмоўныя 1,9 працэнта пры гадавым заданні роўным 6,5 працэнта. Ці дынаміка акажацца настолькі імклівай, што дазволіць да канца года выйсці на вызначаную лічбу?

Што да персаналій, то не забяспечыў выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні камунгас: за 7 месяцаў адмі-нусавалі 2,2 працэнта, у той час як, у адпаведнасці з прагнозам, неабходна было дасягнуць лічбы ў 5 працэнтаў. Як было адзначана на адным з пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта, асноўнай прычынай нявыхаду на планавую лічбу стала недавыкананне комплексу запланаваных работ. Не выйшла на прагнозную лічбу і ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання – мінус 1 супраць прагнозных 4,5 працэнта. Прычына  часткова тая ж, што і ў папярэднім выпадку, часткова – зніжэнне сельгасарганізацыямі тэмпаў росту валавой прадукцыі.

Рацыянальнасць расходавання відаў энергіі – важны, але толькі адзін з нямногіх акцэнтаў на карысць зніжэння рэсурсаёмістасці як эканомікі ў цэлым, так і асобных яе галін і прадпрыемстваў. Не такім ужо і новым, аднак, трэндам сусветнай эканомікі – у асаблівасці краін, бедных мінеральнымі рэсурсамі, іншымі карыснымі выкапнямі, – стала шырокае выкарыстанне другаснай сыравіны. У перапрацоўку ідзе ўсё і па максімуму: папера, шкло, пластык, тэкстыль, гума, будаўнічыя адходы, стары асфальт, канешне ж, лом каляровых і чорных металаў і сплаваў. Практыкуецца гэта і ў нас, але, як здаецца, маштабы і глыбіня маглі б быць іншымі. Як і падыходы  ў арганізацыі нарыхтоўкі сыравіны паўторнага ўжытку. Пакуль жа маем, што маем: найбольш паспяхова раён спраўляецца з нарыхтоўкай тэкстыльных і палімерных адходаў. Горш з макулатурай, шклом, адслужыўшымі сваё шынамі. Але ж нарыхтоўкі працягваюцца.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *