Клещи осени не боятся

Кляшчоў  не палохаюць ні спякота,  ні холад. Як інакш можна растлумачыць, што, напрыклад, сёлета ў верасні  на Брэстчыне зарэгістраваны 1021 выпадак укусу кляшчамі. Гэта больш, чым за ўвесь летні перыяд.  Згодна інфармацыі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, асабліва ”разбушаваліся” гэтыя насякомыя ў Белавежскай і Ружанскай пушчах, у лясах Камянецкага, Пружанскага, Маларыцкага, Івацэвіцкага раёнаў, на асобных участках Брэсцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

Па даных раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі,  у  Ляхавіцкім раёне  сёлета зарэгістравана 85 выпадкаў укусаў кляшчоў (24 прыйшліся менавіта на восень). У адным выпадку зняты  клешч па выніках даследаванняў аказаўся носьбітам хваробы  лайм-барэліёзу. Чалавек, да якога ён прысмактаўся, знаходзіцца пад дыспансерным наглядам.

Што датычыцца геаграфіі распаўсюджвання гэтых малапрыемных насякомых у нашым раёне, то найбольш яны аблюбавалі лясныя масівы свяціцкай, альхоўскай, тухавіцкай, востраўскай, куршынавіцкай зон, скверы і паркі горада, дачныя ўчасткі.

Так што асцярожнасць і яшчэ раз асцярожнасць падчас прагулак у лес, парк ці работы на дачных участках.  Кляшчы – адны з  асноўных захавальнікаў у прыродзе і пераносчыкаў некаторых небяспечных інфекцыйных захворванняў, у прыватнасці, клешчавога энцэфаліту і лайм-барэліёзу.  Часцей за ўсё  заражэнне чалавека адбываецца пры ўкусе кляшча. Таксама вірус можна падхапіць пры ўжыванні малака хворых  коз  і (вельмі рэдка) кароў.  Захворванне пачынаецца востра,  тэмпература цела павышаецца да 38,5 градуса, з’яўляюцца агульная млявасць, галаўны боль у лобнай частцы, галавакружэнне, ваніты, ірвота, лёгкія болі ў вобласці мышцаў шыі і канечнасцяў.  Калі не будзе своечасова прызначана  лячэнне, хвароба набудзе хранічнае цячэнне і можа прывесці да інваліднасці.  На месцы ўкусу можа з’явіцца шчыльны інфільтрат, які потым пакрываецца карычневай скарынкай  з ружовай каймой. Ліхаманка доўжыцца 12-14 дзён. Можа ўзнікнуць вострая ныркавая і лёгачная недастатковасць, менінгаэнцэфаліт.

Вось чаму  важна выконваць усе прафілактычныя мерапрыемствы, а калі клешч усё ж прысмактаўся,  трэба акуратна яго выдаліць самастойна з дапамогай  ніткі, завязанай каля хабатка насякомага, ці пінцэтам (паварочваючы галоўку з боку ў бок ці супраць гадзіннікавай стрэлкі). Месца, адкуль даставалі кляшча, абавязкова прыпячыце ёдам ці іншым спіртаўтрымліваючым растворам, рукі вымыйце мылам. Ні ў якім выпадку не цягніце і не сціскайце цела кляшча, каб не раздушыць, бо інфекцыя можа трапіць у ранку.

Але лепш за ўсё звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Таццяна УСЦЮШКОВА,

урач-валеолаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *