Шчасце, што завецца беларускім адзінствам. Абласное свята з нагоды Дня народнага адзінства і шматлікіх гасцей з усіх куткоў Брэстчыны сёлета прымаў Пінск

Абласное свята з нагоды Дня народнага адзінства і шматлікіх гасцей з усіх куткоў Брэстчыны сёлета прымаў Пінск, які гэтымі днямі адзначаў 925-годдзе.
«У першую чаргу Дзень народнага адзінства значыць тое, што мы – разам. Наша краіна незалежная, у нас ёсць свая Канстытуцыя, Прэзідэнт і дзяржаўны лад, – адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падчас урачыстага мітынгу ў мемарыяльным комплексе на брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў. – Ёсць спробы кінуць выклік нашай невялікай суверэннай дзяржаве, каб уцягнуць у працэсы, якія не патрэбны талерантнаму беларускаму народу. Мы бачым гэту сітуацыю. Але за апошнія два гады мы яшчэ больш шчыльна згуртаваліся, мы адзіныя, і ў нас усё атрымаецца!».
Удзельнікі міжнароднага аўтапрабегу «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» перадалі ў Музей Беларускага Палесся зямлю, сабраную ў месцах масавага пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Кветкі да вечнага агню, хвіліна маўчання як знак бясконцай павагі да подзвігу пакалення вызваліцеляў, шчырыя словы віншаванняў…
А віншаванняў у гэты дзень было шмат.
У тым ліку – на галоўнай плошчы Пінска, дзе праходзіў вялікі святочны канцэрт.
На сцэне абласнога свята Юрый Шулейка ўручыў кіраўнікам Пінска і яшчэ чатырох раёнаў вобласці кнігі «Падарожжа ў часе», выдадзеныя ў межах праекта «Бацькаўшчына». Аўтар праекта вядомы гісторык і калекцыя-
нер, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў рэалізаваў яго сумесна з Міністэрствам інфармацыі. У выданнях – унікальныя матэрыялы па гісторыі Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы і Пружанаў. Вельмі сімваічны падарунак у Год гістарычнай памяці.
Лепшым калектывам мастацкай самадзейнасці Брэстчыны і «зорным» гасцям з задавальненнем падпявала літаральна ўся плошча. «Беларусь – это мы!», «Не прадаецца хата бацькоў», «Мы народ этой сильной и гордой страны!» – абсалютныя хіты гэтага свята ў выкананні людзей розных узростаў і прафесій гучалі як гімн беларускаму адзінству.
Уражанняў ва ўсіх удзельнікаў свята, у тым ліку ляхавіцкай дэлегацыі, засталося мноства.

Святлана СТЫКУЦЬ.