Шчасце, што завецца беларускім адзінствам. Сярод удзельнікаў патрыятычнага форуму «Гэта НАША гісторыя» – і ляхавічане

У кожным населеным пункце Беларусі 17 верасня было па-патрыятычнаму горача – форумы, тэматычныя пляцоўкі, канцэрты, мітынгі – наша краіна расквецілася чырвона-зялёным святлом Дзяржаўнага флага. Дзесяцітысячнае сэрца білася ў сталіцы на патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя». З усіх раёнаў краіны сюды з’ехаліся сапраўдныя патрыёты – апантаныя, упэўненыя і адзіныя ў жаданні зрабіць нашу рэспубліку яшчэ мацнейшай. Сярод удзельнікаў – і ляхавічане.

Што можа аб’яднаць людзей, якія душой і сэрцам балеюць за родную Беларусь? Акрамя штодзённай працы ў імя краіны, «за Беларусь» патрыёты могуць і ў спартыўным прабегу паўдзельнічаць, і па маршрутах памяці праехаць.
Імгненне – і на сцэне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гучаць важныя словы, як заўжды, канкрэтныя даты, факты, падзеі, і, як заўсёды, пранікнёна, эмацыянальна, шчыра. Фраза за фразай –
і беларусы ў адным памкненні падтрымлівалі словы. Словы, што адгукаліся ў сэрцы кожнага. Наша краіны была, ёсць і будзе. І мы ніколі не здрадзім гэтай аксіёме.
– Вось у чым момант. І ўрок адзін: нас не будуць штурхаць то ўлева, то ўправа, то з Усходу на Захад, дзяліць і рэзаць, калі мы будзем жыць на сваёй зямлі, будзем яе шанаваць, нікому не аддаваць. І будзем свята захоўваць свой суверэнітэт над гэтай тэрыторыяй. Таму асабістае ўбок! Толькі народ, толькі дзяржава! – заклікаў Прэзідэнт.
«Мінск-Арэна» ў лічаныя хвіліны адчула хваляванне і гонар, з якімі кожны прысутны выконваў Дзяржаўны гімн. Пражывалі кожны радок, разумелі, пра што пяём, адчувалі, што гэтыя словы будуць гучаць заўсёды.

Асобна пра тое, што адбывалася на сцэне «Мінск-Арэны». Гэта была феерыя, гісторыя можа быць такой прыгожай у сэнсе яе адлюстравання. Эмоцыі захліснулі, мы, сённяшнія беларусы, пражывалі кожнае імгненне: і як жылі нашы продкі-славяне, як абаранялі сваю зямлю, маліліся за Беларусь з асветнікамі, на памяць чыталі вядомыя радкі класікаў. І вось ён, той ракавы 21-ы, што разламаў-раздзяліў беларусаў. Сэрца стукала і сціскалася ад болю за тое, колькі ўсяго нацярпелася наша невялікая, але такая мужная краіна. І як у 1939-м уз’ядналася і набыла моц. Як жа выдатна арганізатары тэатралізаванага касцюміраванага шоу паказалі гэты важны сюжэт нашай гісторыі, што лёг у аснову самага маладога дзяржаўнага свята.
Вось і 1941–1945 гады. Некалькі хвілін, а «Мінск-Арэна» перажывала жудасную навалу нямецкіх акупантаў, са слязамі на вачах узнялі партрэты тых, хто назаўсёды ў бессмяротным палку. «Памятайце, героі жывыя, людзі, памятайце, пакуль гучаць іх імёны…».
Кожная старонка беларускай гісторыі прасякнута імёнамі
людзей, якія імкнуліся яе захаваць, абагаціць, зберагчы для будучых пакаленняў. Таму нам, нашчадкам, задача – глабальная: на карце свету не сцерці беларускіх граніц, збергачы яе адметныя рысы.
Шоу на 360 градусаў дэманстравала ўсю творчасць беларускай душы. Грандыёзнае шоу, розныя стылі, фарматы, эпохі – здаецца, уся арэна была саўдзельнікам вялікай падзеі.
Колькі гучала песенных навінак, колькі гучала вялікіх слоў, а колькі было задзейнічана людзей – шоу прэтэндуе на ўзровень сусветнага. І гэта без перабольшання, нават па той з’яве, што стужка Instagram з гэтай сталічнай геалакацыяй не пераставала фігураваць. Ды і эмоцыі адчуваліся і зараджаліся ад патрыёта да патрыёта.
…На сцэне «Дразды», здаецца, і артыстаў не было чуваць, бо на гэты раз саліравала «Мінск-Арэна». Такі ж атрымаўся народны хіт –
кожны радок выконвалі з прыдыханнем і не шкадуючы сіл.
«Не прадаецца хата бацькоў»… А наша хата – Беларусь.
Феерычнае шоу фінішавала новым хітом «Гэта наша гісторыя».
І гэта песенная прэм’ера была проста выбухам і па шкале
эмоцый проста не вытрымала напружання.
Такое застаецца ў памяці надоўга… Дакладней, назаўжды.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.