Аквапарк – дзіцячы рай

Мы часта ездзім па цудоўных мясцінах Беларусі. У сакавіку наведалі ў Мінску тэатр юнага гледача, ваенны музей. Ну і, канечне, як жа не заехаць у Макдональдс?
Але самай цудоўнай была наша апошняя паездка. Гэта казка запамятаецца надоўга! Мы трапілі на Кобрыншчыну. Першым прыпынкам стаў аквапарк. Для мяне і маіх сяброў гэта быў сапраўдны рай! Шмат водных горак і тунэляў, з якіх можна скаціцца прама ў басейн з крыштальна чыстай вадою.
Пытаюся ў вас, ці бачылі вы калі-небудзь жывога страуса? А нам давялося пабачыць статак бягучых двухметровых птушак! І для гэтага зусім не трэба ехаць у далёкую Афрыку ці Аўстралію. Усё гэта ёсць у Беларусі. У жывапісным кутку, у вёсцы Казішча Кобрынскага раёна знаходзіцца ферма, на якой разводзяць экзатычных чорных афрыканскіх страусаў. І зімою, і летам яны адчуваюць сябе тут выдатна. Гэта ферма адна з самых вялікіх і прыгожых у Еўропе. У час экскурсіі экскурсаводы правялі нас уздоўж загонаў, дзе жывуць страусы, расказалі, што яны ядуць, як іх даглядаць, як выседжваюць яйкі і яшчэ шмат чаго цікавага. Акрамя афрыканскіх страусаў, тут ёсць пятністыя алені і паўліны, дэкаратыўныя хатнія птушкі.
У кафэ мы пачаставаліся кубачкам духмянага чаю, паспрабавалі страусінае мяса і яйкі. На памяць пра наведванне фермы набылі сувеніры з пяра, шкарлупіны, скуры страуса. Гэта экскурсія стала для нас сапраўдным святам!
Дар’я ТУПІК, вучаніца 4 “А” класа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *