Салодкія перспектывы «Жарабковічаў». У Ляхавіцкім раёне пачалася ўборка цукровых буракоў

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Віктар Клемяня

У раёне пачалася ўборка цукровых буракоў. А гэта – доўгія тыдні вельмі сур’ёзнай, няпростай у плане арганізацыі,
з выкарыстаннем складанай тэхнікі, што патрабуе асабліва высокапрафесійнага і ашчадна-далікатнага абыходжання.

Не ў прыклад жніву, для буракаўборкі нават сярэдняй інтэнсіўнасці ападкі перашкодай не з’яўляюцца. Хіба толькі моцныя ці працяглыя да ступені «ў поле не ўлезці». Як паўжартам сказаў пра буракі адзін са спецыялістаў-аграрыяў, яны хоць і цукровыя, але ад дажджу не растаюць. З’яўляюцца патрабавальнымі да цяпла, урадлівасці і ўвільгатнення глебы.
Відавочна, усе названыя і іншыя неабходныя фактары спрыяльнасці для данага канкрэтнага жарабковіцкага поля супалі найлепшым чынам. Убраныя і сабраныя ў штабель для наступнай пагрузкі і адпраўкі на прыёмны пункт буракі выглядаюць унушальна, адзін у адзін, вагой на ўмоўныя паўпуда.
– Тут за круг 800–850 метраў атрымліваецца набраць цэлы бункер камбайна. А гэта каля двух дзясяткаў тон прадукцыі. Бачыце, якія экзэмпляры? – з яўным задавальненнем, але і без здзіўлення распавядае машыніст-аператар буракаўборачнага камбайна Віктар Клемяня.
Віктар – адзін з трох механізатараў ААТ «Жарабковічы», каму даверана гэта вельмі дарагая, камп’ютарызаваная  тэхніка.
– Машына практычна не глухне. Калі толькі на вельмі непрацяг-
лыя хвіліны для штодзённага абслугоўвання. Папаўненне бакаў палівам часцей за ўсё адбываецца ва ўмовах поля – прыязджае палівазапраўшчык. Іншым разам падчас перагонаў з палетка на палетак атрымліваецца наведацца на машынны двор і даліць «дызеля». Яго, дарэчы, за суткі работы расходуецца ў сярэднім больш за тысячу літраў – у залежнасці ад поля, на якім ажыццяўляюцца работы, ураджайнасці буракоў і некаторых іншых абставін і фактараў. Пры гэтым за суткі работы камбайн можа ўбраць 30 гектараў поля. Гэта сярэдняя лічба. Мяняем адзін аднаго праз восем гадзін за рулём – у восем, 16 і 24 гадзіны, – завяршае хуткую гутарку Віктар Клемяня і гэтак жа спрактыкавана хутка падымаецца на сваё працоўнае месца. Было каля 10 раніцы, а «змена» прыедзе толькі ў 16.

Працяг чытайце ў  папяровай версіі «ЛВ» за 24 верасня №73

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.