Сустрэцца праз 40 гадоў

"Успех начинается отсюда"

Студэнцкія гады незабыўныя і непаўторныя, памяць вяртаецца да іх зноў і зноў.

На пачатку кастрычніка, праз 40 гадоў, сустрэліся ў альма-матэр выпускнікі групы № 2 агранамічнага аддзялення. Сталыя мужчыны і жанчыны быццам вярнуліся ў сваё юнацтва, калі ім, 25-ці аграномам з новенькімі дыпломамі ў руках, была па плячы любая справа. Жыццё раскідала іх па ўсім свеце, а для юбілейнага спаткання з групай шукалі адзін аднаго праз знаёмых, вясковых старастаў, упраўленні сельскай гаспадаркі і нават міліцыю. Не былі б то сельгаснікі: і час сустрэчы з маладосцю абралі невыпадкова – заканчэнне палявых работ.

Па адрасах пражывання былых тэхнікумаўцаў можна вывучаць не толькі геаграфію краіны, але і замежжа: Санкт-Пецярбург, Адэса, Паўночная Асеція…

Па словах Мікалая Ацуты, натхняльніка і арганізатара падарожжа ў мінулае, сабралася палова групы. А, напрыклад, Клаўдзія Канаева, каб пабачыць былых сяброў, трое сутак правяла ў дарозе.

Усхваляваныя і шчаслівыя, яны хадзілі па сённяшнім каледжы, з радасцю адзначалі шматлікія змены ў роднай установе. Як і тое, што нязменным засталося ўменне супрацоўнікаў са шчырай гасціннасцю сустракаць тых, каму далі пуцёўку ў прафесійны свет. Асаблівую ўдзячнасць за магчымасць сустрэцца з сябрамі па вучобе выказваюць былыя навучэнцы дырэктару аграрнага каледжа Вячаславу Сельмановічу.

Колькі добрых успамінаў было ў той вечар – вечар даўніх сяброў! Вельмі цёплай і душэўнай атрымалася сустрэча з класным кіраўніком Мікалаем Лагуном і выкладчыкам фізкультуры Вольгай Мурашка, з якімі ўдзячныя выпускнікі падзяліліся сваімі жыццёвымі поспехамі, здабыткамі, расказалі пра сябе і свае сем’і.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *