Убачылі і пачулі Хатынь

Нядаўна вучні 8-9 класаў пабывалі ў Хатыні. Уражанні ад паездкі былі цяжкія, і па дарозе экскурсавод расказала, пра тое, як была спалена вёска і хто выконваў гэтае страшнае зладзейства.
…Трагедыя разыгралася 22 сакавіка 1943 г. 113-ы карны батальён пад кіраўніцтвам Г. Васюры ўчыніў адну са шматлікіх страшных аперацый на Беларусі, спаліўшы ўсю вёску разам з жыхарамі. Дарэчы, сам Васюра да 80-ых гадоў жыў і працаваў у Кіеўскай вобласці. Але потым здрадніка-карніка знайшлі, судзілі і вынеслі прыгавор: вышэйшая мера пакарання…
Цяпер Хатынь – сімвал усіх спаленых вёсак, канцэнтрацыйных лагераў смерці. Расказвала экскурсавод пра донараў-дзяцей для параненых фашыстаў, пра “машыну” знішчэння людзей у лагерах смерці, і станавілася жудасна ад думкі, што нарабілі рукі здраднікаў.
Звоняць кожную мінуту званы на кожным сімвалічным камені з 26 двароў былой вёскі Хатыні. І ў дождж (якраз быў падчас экскурсіі), і ў снег прыязджаюць сюды турысты з розных канцоў Беларусі, з розных краін, каб на свае вочы пабачыць сляды вайны. Вось і мы пабачылі самае страшнае зло – вайну і цяпер чуем, як звіняць хатынскія званы — напамін аб страшэннай бядзе і наказ берагчы мір.
Алеся БЕЛІКАВА, вучаніца 11 класа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *