Поспех пачынаецца з каледжа. Сёлета Ляхавіцкі аграрны каледж прымае віншаванні з 65-гадовым юбілеем

«З намі – да поспеху!» – сцвярджэнне з прывязкай да адасобленага падраздзялення «Ляхавіцкі аграрны каледж» установы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» стала дэвізам тутэйшых навучэнцаў і педагогаў. Матывацыя падмацавана вынікамі і дасягненнямі: на працягу 65 гадоў тут паспяхова рыхтуюць спецыялістаў для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

Тэхнікум – аграрны каледж
Пачатак адукацыйнай установе дала сельгасшкола па падрыхтоўцы малодшых ветфельчараў. Менавіта на яе базе ў
1957 годзе быў адкрыты ветэрынарны тэхнікум, які з часам вырас да саўгаса-тэхнікума, а пазней стаў дзяржаўным аграрным каледжам. Для невялікага райцэнтра прапіска такой установы – гонар.
За ўсімі пераўтварэннямі, дасягненнямі, штодзённай дзейнасцю – адданыя сваёй справе прафесіяналы. За больш як шэсць дзесяцігоддзяў дзейнасці ўстановы змяніліся пяць дырэктараў. Пачынальніцай стала Кацярына Інтарынава, праз 18 гадоў яе змяніў Павел Тупіца. З 1980 па снежань 1995 года саўгас-тэхнікум узначальваў Мяфодзій Пабягайла, 18 гадоў – Вячаслаў Сельмановіч. Эстафету пераняла Алена Абарава. Сёння на чале ўстановы Ірына Прыступа-Юнік.
Кожны з кіраўнікоў плённа працаваў, прыўносіў нешта новае і імкнуўся, каб падрыхтоўка спецыялістаў адбывалася на самым высокім узроўні, дасягаліся вытворчыя паказчыкі. Канешне, у дырэктараў былі надзейныя памочнікі – завучы, загадчыкі аддзяленняў, намеснікі дырэктара і г. д.
Гонар і павага ўсім ім!

Дырэктар ЛАКа Ірына Прыступа-Юнік

Факты і аргументы
Сёння Ляхавіцкі аграрны каледж – сучасная ўстанова адукацыі, якая забяспечвае кадрамі сельгаспрадпрыемствы раёна, Брэстчыны і нават іншых рэгіёнаў.
У адукацыйнай прасторы партрэт Ляхавіцкага аграрнага каледжа выглядае аўтарытэтна і паважліва: тут працуе больш за паўтары сотні супрацоўнікаў, з якіх 50 – выкладчыкі розных дысцыплін. Плюс шэсць майстроў вытворчага навучання і 13 лабарантаў (амаль усе маюць вышэйшую адукацыю). У каледжы атрымліваюць спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына», «заатэхнія», «агранамія» і «плодаагародніцтва» 424 навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Для сумяшчэння тэорыі з практыкай, акрамя трох вучэбных карпусоў з абсталяванымі лабараторыямі і кабінетамі, маюцца ветклініка з віварыем, вучэбна-вытворчыя майстэрні, вопытныя палі, вучэбны сад з пладовым гадавальнікам, агародам з гадавальнікам лекавых раслін, пчальніком, дзвюма цяпліцамі і г. д. У наяўнасці дзве спартыўныя залы, аўтадром і трактарадром і г. д. Ва ўстанове ўсё прадумана і арганізавана так, каб юнакі і дзяўчаты не толькі навучаліся ў камфортных умовах, але і адчувалі сябе як дома ў мясцовым інтэрнаце.
Абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, папаўняецца метадычная бібліятэка.

Загадчыкі аддзяленняў Святлана Жучэня і Аксана Ліхач
Намеснік дырэктара Наталля Кірмель
Выкладчык і прафсаюзны лідар Ірына Дубікоўская


Аснова асноў –кадры
Стала цудоўнай традыцыяй выданне выкладчыкамі вучэбных  дапаможнікаў, рабочых сшыткаў і падручнікаў, навуковых артыкулаў па дысцыплінах сельскагаспадарчага профілю. Яны выходзяць пад грыфам Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута прафесіянальнай адукацыі. Нядаўна ўбачыў свет вучэбны дапаможнік «Тэхналогія вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі» аўтарства Вольгі Сакун, Мікалая Краўчука і Алены Казакевіч.
У каледжы не стамляюцца ўкараняць новыя методыкі навучання, перадавыя сельгастэхналогіі і г. д. Нястомная праца ўзнагароджваецца поспехамі навучэнцаў на міжнародных канферэнцыях, прафесіянальных конкурсах і спаборніцтвах. Напрыканцы мінулага года навучэнка каледжа на рэспубліканскім конкурсе «Аграмайстэрства» заваявала першае месца сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі  па накірунку «сельская гаспадарка» ў намінацыі «агранамія».
У камандным заліку ляхавічане ўзялі «бронзу». Традыцыйна сярод лепшых каляджане і на абласным фестывалі-конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkillsBelarus – сёлета сярэбраныя пераможцы.
Выкладчыкі імкнуцца стварыць для навучэнцаў сітуацыю поспеху і раскрыць іх патэнцыял. Час вучобы расквечаны не толькі пазнавальнымі заняткамі і насычанай практыкай, але і цікавым вольным часам. Захапляльна праходзіць фестываль груп новага набору (студэнцкай творчасці) «Студэнцкая восень» і іншыя шматлікія мерапрыемствы. Адметныя і дні адчыненых дзвярэй, прэзентацыя ўменняў навучэнцаў. Каляджане – паспяховыя ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцкай і студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі»: заваяваны пераможныя месцы і букет дыпломаў. У раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы па выніках 2021 года каледж прызнаны пераможцам у намінацыі «Лепшая арганізацыя ідэалагічнай работы ў арганізацыях невытворчай сферы».
Каторы год на базе ЛАКа праходзяць урокі працоўнага навучання, дзе школьнікі набываюць уменні вырошчваць расаду і атрымліваць высокія ўраджаі агародніны, рабіць прышчэпкі пладовым дрэвам і закладваць сады.

Выкладчыкі — выпускнікі каледжа

Альма-матар назаўсёды!
У роднай навучальнай установе паспяхова працуюць яе выпускнікі. На агранамічным аддзяленні – Вольга Савасцюк, Яўгеній Біза, Наталля Вярбіла, загадчык гадавальніка Таццяна Макаранка, загадчык цяпліц Наталля Станкевіч. Атрымалі дыплом кале-
джа і пасля вярнуліся сюды выкладчыкамі заатэхнічнага аддзялення Ірына Дубікоўская, Мікалай Краўчук, Алена Казакевіч, Дзмітрый Пянткоўскі, майстрам вытворчага навучання Алена Улас.
На ветэрынарна-заатэхнічным аддзяленні працуюць выпускнікі Уладзіміра Павядайлы, якія таксама сталі цудоўнымі выкладчыкамі ветэрынарных дысцыплін і выхоўваюць новую змену навучэнцаў: Алег Ахрэмцаў, Таццяна Гуліцкая, Юлія Пашкевіч, Таццяна Парэйка, Юрый Палонскі і Ала Філічкіна.
Як пацвярджэнне прафесіяналізму педагогаў каледжа – мноства розных узнагарод і адзнак. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выкладчык Кацярына Юрчык узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».
Адданасць прафесіі выкладчыкаў Таццяны Прыхач, Галіны Пянткоўскай, Таісіі Шпак, Ларысы Мацейчык былі адзначаны занясеннем іх партрэтаў на раённую Галерэю славы.
– Працуецца плённа і вынікова, калі калектыў – дружная каманда. Такія надзейныя кадры ў нас у каледжы! Разам нам любая справа па сілах. Шчыра ўдзячна ўсім за тую працоўную атмасферу, якая пануе ў каледжы, – адзначае Ірына Прыступа-Юнік.
Яўгенія Рытвінская, Наталля Кірмель, Таццяна Траццяк, Сяргей Краўчанка, Галіна Пянткоўская, Святлана Жучэня і Аксана Ліхач – вопытныя, граматныя і аўтарытэтныя намеснікі дырэктара і загадчыкі аддзяленняў.
Каледж за час стаў для многіх не толькі месцам працы – сапраўдным домам. І працуюць ці працавалі тут сем’ямі: Пянткоўскія, Біза, Капыткі, Качанавы, Канцэлярчыкі, Рытвінскія, Траяноўскія і іншыя.
Установа-юбілярка беражліва захоўвае сваю гісторыю, паважліва ставіцца да традыцый і памятае ўсіх, хто забяспечыў сённяшні дзень каледжа. Ветэраны працы лёгкія на пад’ём, заўсёды рады сустрэцца з калегамі і навучэнцамі, абмяняцца вопытам і меркаваннямі. Вялікую сям’ю ветэранаў аб’ядноўвае энергічная старшыня пярвічнай
ветэранскай арганізацыі Аляксандра Матчэня.
А каледж штогод адпраўляе ў вялікі шлях выпускнікоў, з нецярпеннем заўсёды чакае новае папаўненне навучэнцаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.