Што ты зрабіў для Радзімы? У Ляхавічах на раённым форуме «Школа маладога дэпутата» абмяркоўвалі шматлікія пытанні

…Пачнём з адваротнага. Калі «веснікаўцы» рыхтавалі чарговы відэасюжэт для ціт-току з раённага форуму «Школа маладога дэпутата», на этапе выбару музычнага суправаджэння спыніліся на песні, якая прагучала падчас Дня народнага адзінства ў сталіцы, – «Што ты зрабіў для Радзімы?» ад удзельнікаў X-Factor Belarus. І менавіта гэтыя словы так яскрава ляглі ў аснову сустрэчы дэпутатаў рознага ўзроўню з членамі Маладзёжнага парламента, вучнямі СШ № 2.

Адкрыла сустрэчу і задала шчыра-пазітыўны тон размовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Жалнерчык. Сярод галоўных пазіцый – падзяка членам Маладзёжнага парламента пры райсавеце дэпутатаў і кіраўніцтву СШ № 2 за арганізацыю і жаданне стварыць такі патрэбны форум.
Сёння дэпутацкая работа – гэта вялікі адказны пласт у грамадска-палітычных працэсах краіны. І ўрок-практыкум толькі на карысць маладым парламентарыям і старшакласнікам, якія знаходзяцца зараз
на этапе выбару будучай прафесіі.


Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч сваё выступленне пачаў з такога глыбокага пытання: «Хто жадае жыць у шчаслівай краіне?». А пасля з ўсімі абмеркавалі, хто клапоціцца пра асноўныя складнікі нашага камфортнага жыцця ў незалежнай краіне.
Работу сельскіх дэпутатаў прадэманстравала праз свой вопыт начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач. Яна акрэсліла, з якімі праблемамі, пытаннямі, складанасцямі даводзіцца сутыкацца дэпутату сельскага Савета.
Эстафету пераняло будучае пакаленне – член адносна маладой структуры – Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь – Дзіяна Бурак. Прэзентацыя работы маладзёжнай структуры выклікала шмат увагі і пытанняў: над чым зараз працуюць, якія існуюць камісіі, як трапіць у склад МП?
Асноўная частка форуму прайшла ў фармаце інтэрв’ю. Пытанняў было шмат і самых розных: ад працэсу стварэння законаў, іх рэдагавання і прыняцця да таго, як свой выхадны дзень праводзіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Сёння чалавек, які плануе звязаць сваё жыццё з дэпутацкай дзейнасцю, павінен разумець, што адказнасць за краіну стаіць на першым плане. Асабістае цяпер – клопат пра краіну, любоў да народа, служэнне ў імя Айчыны, – адказала Людміла Жалнерчык на пытанне, якім павен быць дэпутат.
З захапленнем рабяты слухалі пра жыццёвы шлях дэпутата. Чаму пасля работы ў сілавых структурах Людміла Жалнерчык не спынялася дапамагаць свайму народу і выбрала такі няпросты шлях. Чаму важна быць заўсёды на сувязі са сваімі выбаршчыкамі. Як навучыцца чуць кожнага, знайсці падыход да любой праблемы. І чаму на першы план заўсёды выходзіць чалавечнасць.
Ад работы да хобі: Людміла Мікалаеўна прызналася, што бязмерна любіць чытаць, а яшчэ падарожнічаць, канешне, па Беларусі.
Зразумелым гучала пытанне-прапанова да Юрыя Чаранкевіча арганізоўваць такія сустрэчы часцей ці ўвогуле зрабіць раённы форум «Школа маладога дэпутата» штоквартальным і пашырыць яго межы. І тут жа старшыня дэпутацкага корпуса раёна прапанаваў будучай
змене паўдзельнічаць у выязных сесіях і прамых лініях, гэта вельмі важныя моманты ў дэпутацкай дзейнасці.
Прыемным заключным этапам сталі словы падзякі за захаванне гістарычнай памяці беларускага народа ў такім прыкладзе, як музей баявой і працоўнай славы ў СШ № 2. Любы форум, сустрэча, круглы стол тут ладзяцца па-іншаму, з вельмі пранікнёнай патрыятычнай атмасферай. Падзячнае пісьмо дэпутата Палаты прадстаўнікоў уручана кіраўніку ваенна-патрыятычнага выхавання і настаўніку гісторыі Віталію Толкачу. Гучалі самыя шчырыя словы напярэдадні прафесійнага свята і, канешне, за тое, што так аддана і з любоўю да Беларусі выхоўвае падрастаючае пакаленне.
Пранікнёна гучалі словы ў адрас раённай газеты, што таксама працуе на захаванне адзінства дзяржавы, яе гістарычнай
памяці, павагі розных пунктаў погляду.
Таму напрыканцы сустрэчы ў сэрцы ўдзельнікаў быў свой адказ на пытанне «Што ты зрабіў для Радзімы?».

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.