На вольную тэму

Дзевяцікласнікі вучыліся ствараць маналогі.
— Напішыце на тэму: “Што хвалюе мяне зараз на ўроку, – прапанавала я. Схіліліся над сшыткамі, пішуць на працягу 5 мінут. Пасля наступае самы інтрыгуючы момант: вучні шчыра выказваюць думкі.
“Сёння ў маёй бабулі 70-годдзе. Мяне, як і ўсіх маіх стрыечных братоў і сясцёр, хвалюе, што ёй падарыць у такі дзень. Я ўяўляю сябе сямідзесяцігадовай, шчаслівай, з дзесяткам унукаў. Мне б хацелася, каб мая вялікая сям’я ўся сядзела за святочным сталом…” – прачытала Маша і ўсміхнулася, глянуўшы на аднакласнікаў.
“Мяне хвалюе тое, што я расту, што трэба здаць заўтра экзамен у школе мастацтваў. І наогул, я хвалююся па прычыне і нават без прычыны…” – напісала Наташа.
А Вераніка хвалявалася, што праз тры ўрокі пачнецца англійская мова. Яна непакоілася за пераказ вельмі складанага тэксту, а яшчэ пра тое, ці спадабаецца мне яе сачыненне па беларускай літаратуры.
“Каб хутчэй пачалася беларуская літаратура і я прачытала сваё сачыненне. А ці спадабаецца яно настаўніцы і аднакласнікам? Маме спадабалася, а калі маме – то і ўсім”, – гэта хвалюе Дзіну.
“…Я хвалююся пра тое, што скажа мне Яна: будзе са мной сябраваць ці не? Яна мне вельмі падабаецца. З ёй мне добра, бо Яна можа мяне выслухаць, даць параду і падтрымаць, калі ў мяне непрыемнасці”… — прачытаў свой маналог Антон і нават не пачырванеў.
Якія яны ўсе розныя! Здаецца, думаюць пра тэму ўрока, бо ўважліва слухаюць, стараюцца пачуць мяне. А я лічу, што іменна так і ёсць на ўроку. А жыццё з усімі яго праявамі перамагае.
Тамара ШАСТАКОВІЧ, настаўніца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *