Успешным можно назвать выступление команды Ляховичского района на областных соревнованиях «Вертикаль»

Паспяховым можна назваць выступленне каманды Ляхавіцкага раёна на абласных спаборніцтвах “Вертыкаль”.  На жаль, у агульнакамандным заліку ляхавіцкія  спартсмены-аматары не трапілі ў тройку прызёраў. Затое паказалі клас у індывідуальных іспытах.  Лепшым стралком у сваёй намінацыі  прызнаны намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны.  Не падвяла яго трапнасць  і ў дартсе, дзе  Уладзімір Уладзіміравіч заняў 2 месца, саступіўшы толькі старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару.

Чарговы раз прадэманстраваў майстар-клас у гульні ў більярд і намеснік начальніка райсельгасхарчу Міхаіл Новік. Яго вынік – 3 месца ў асабістым заліку. Зусім крыху не хапіла да п’едэстала гонару і лепшай шашыстцы Ляхавіцкага райвыканкама – галоўнаму спецыялісту аддзела арганізацыйна-кадравай работы Іне Косцінай, яна заняла 4 месца.

Праз тыдзень спартыўную эстафету перанялі Ляхавічы. У мінулую суботу на стадыёне “Колас” і ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе  прайшоў другі этап раённай спартакіяды працоўных калектываў.  У ім узялі ўдзел 12 каманд. Свае спартыўныя дружыны прадставілі  СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, райпо, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, ДРБУ-200, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, СВК “Жарабковічы”, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, райбальніца, ПМК-17, раён электрычных сетак. Жанчыны і мужчыны спаборнічалі ў гіравым спорце, дартсе, лёгкай атлетыцы (бег і скачкі), більярдзе, настольным тэнісе, шахматах і перацягванні каната.

Як расказаў дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба “Колас” Генадзій Новік, ва ўсіх відах спаборніцтваў удзельнічалі каманды  СВК “Жарабковічы”, лясгаса, РАНС, аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Што датычыцца асобных відаў спорту, то, напрыклад, у дартсе першынствавалі работнікі малочнага завода,  у лёгкай атлетыцы – выратавальнікі,  у падняцці гіры і шахматах — лясгасаўцы, у настольным тэнісе і перацягванні каната – камунгасаўцы,  у більярдзе – работнікі СВК “Жарабковічы”.

Названы прозвішчы пераможцаў у асабістым заліку.  У настольным тэнісе роўных не было Таццяне Царук (ЖКГ) і Аляксандру Бушэйку (ААФіС), більярдзе – Сяргею Новіку (“Жарабковічы”),  лёгкай атлетыцы – Аляксандру Тычкову (лясгас) і Юліі Лешык (ААФіС), дартсе – Вадзіму Маневічу (ПМК-17) і Вользе Анікей (малочны завод), шахматах – Алене Тарлюк (лясгас) і Уладзіміру Цяцёркіну (ён выступаў толькі ў асабістым заліку), гіравым спорце ў розных намінацыях – Уладзіміру Зубіку, Валерыю Плюце, Юрыю Смаршчку (усе РАНС).

Па выніках другога этапа першынство за камандай  СВК “Жарабковічы”, на 2-й і 3-й пазіцыях адпаведна лясгас і аддзел адукацыі, спорту і турызму.  Наперадзе – спаборніцтвы па футболе і валейболе. Толькі тады будуць падведзены вынікі сёлетняй  спартакіяды працоўных калектываў і названы        каманды-пераможцы.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *