Любоў, дабрыня, сумленне

Вось і першае пісьмо ў нашу “Дзянніцу”. Вучань 10 класа Федзюкоўскай СШ Раман Якжык захацеў падзяліцца з чытачамі раёнкі сваімі высновамі, да якіх прыйшоў пад уплывам рэлігіі і філасофскай літаратуры пра самае галоўнае, на яго думку, у нашым хуткаплынным жыцці…

Ці можна гэта купіць і прадаць?
Пачну з факта, што ўсе мы – людзі вельмі розныя. У нас розны ўзрост, розная вага, розны колер вачэй і скуры, розная ступень адукаванасці і дабрабыту, розныя характары і рэлігіі. І, натуральна, у нас могуць быць розныя погляды на адну і тую ж ісціну. І гэта цуд! Менавіта ў гэтай разнастайнасці праяўляецца адзінства чалавечых каштоўнасцей.
Я хачу зараз пагаварыць пра рэлігію і яе ролю ў наш час. Religio (лац.) – значыць, сумленне, а па-нашаму – вера. Што гэта для сучаснага чалавека? Дабрыня. Вынікам рэалізаванай дабрыні з’яўляецца спакойны розум, які, у сваю чаргу, дазваляе праявіцца першапачатковай мудрасці прыроды розуму.
Так, сучаснаму чалавеку рэлігія можа даць тое ж, што і ва ўсе іншыя часы. Па-першае, прытулак, абарону, дах над галавой для слабых, для тых, хто мае патрэбу ў ратаванні, абароне і клопаце. Па-другое, вера – гэта невычэрпная крыніца натхнення маральнасцю, а для рамантыкаў – святасцю і мудрасцю. Па-трэцяе, вера, рэлігія – апісанне сусвету, вызначэнне свайго месца і сваёй місіі ў гэтым свеце. Па-чацвёртае, ясны і надзейны метад удасканалення сябе і грамадства.
Сучаснае грамадства называюць грамадствам спажыўцоў, а наш час – эпохай рынку, на якім ёсць усё. Але на рынку любоў не купіш, а без яе не можа быць ні сапраўднай рэлігіі, ні сапраўднай палітыкі. Любоў не прадаецца і не купляецца – яна дар Божы.
Раман ЯКЖЫК, вучань Федзюкоўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *