Месяц работы камунальнай кацельнай гаспадаркі Ляхавіцкага раёна паказаў яе практычную функцыянальнасць

Нічога надзвычайнага, канешне, але надвор’е цяперашняй восені некалькі нетыповае. Узгадваюцца не па сезоне халодныя дні апошняй дэкады верасня і тыдзень камфортнага цяпла напрыканцы кастрычніка. Наступны падобны “прыход” цяпла адкладваецца на доўгія месяцы, аб’яднаныя пад вызначэннем асенне-зімовы перыяд. Зрэшты, калі адлік апошняга весці з моманту падачы цяпла ў кватэры і службовыя памяшканні, будзе правільным гаварыць, што асенне-зімовы перыяд у рэгіёне пачаўся прыкладна месяц назад. Іменна тое самае вераснёўскае пахаладанне яго і “ўключыла”. Месяц работы камунальнай кацельнай гаспадаркі раёна, няхай далёка не ў максімальным, але дастаткова актыўным рэжыме паказаў яе практычную функцыянальнасць. Эксплуатацыйныя “шурпатасці”, хутчэй за ўсё, мелі месца. Але ніякіх сістэмных збояў, істотных паломак і выхаду са строю машын і агрэгатаў дапушчана не было. Што, між іншым, не здаецца простым з улікам грувасткасці і па шэрагу пазіцый «старасці» цеплагаспадаркі раёна.

Сказанае знайшло пацвярджэнне і ў ходзе апошняга пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча. Адным з пытанняў значылася: “Аб гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2013—2014 гадоў”.

Як было адзначана, запланаваныя на перыяд падрыхтоўкі арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы ў асноўным выкананы. Стан абсталявання на кацельнях раёна ў цэлым здавальняючы. Дзякуючы, у тым ліку, і спектру выкананых рамонтных работ, забяспечана яго, а таксама інжынерных сетак працаздольнасць і эксплуатацыйная бяспека. Арганізацыі ўкамплектаваны інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, эксплуатацыйным і рамонтным персаналам. У рабочы стан прыведзены аўтаномныя крыніцы электраэнергіі, створаны неабходны для іх бесперабойнай работы запас паліва. У запланаваным аб’ёме перакладзены водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, адрамантаваны водазаборныя калонкі, абсталяванне артэзіянскіх свідравін, гідранты і воданапорныя вежы, дахі, стыкі сценавых панэляў, выкананы прафілактычны рамонт сетак ацяплення жылых дамоў. На 1 кастрычніка былі “пашпартызаваны” ўсе 59 раённых камунальных крыніц цеплаэнергіі і ўсе 109 яе спажыўцоў.

Аднак, разгледзеўшы вынікі падрыхтоўкі Ляхавіччыны да работы ва ўмовах зімы, райвыканкам абавязаў кіраўнікоў усіх зацікаўленых структур, арганізацый, падраздзяленняў у тэрмін да 1 лістапада забяспечыць выпраўленне маючых месца недахопаў. Звернута ўвага на неабходнасць прыняцця дадатковых мер нармальнага функцыянавання народнагаспадарчага комплексу ва ўмовах зімы. Напрыклад, адносна гатоўнасці аварыйна-рамонтных і дзяжурна-дыспетчарскіх службаў да аператыўнага ўхілення наступстваў аварый, прывядзення ў гатоўнасць снегаўборачнай і іншай тэхнікі, падтрымання ў спраўным стане крыніц супрацьпажарнага водазабеспячэння, мер па ўборцы тэрыторый, дарог, пад’ездаў і праездаў, зніжэння снегавой нагрузкі на дахі будынкаў і іншае.

У мэтах своечасовага выканання работ па перакладцы цепласетак у міжацяпляльны перыяд камунгасу неабходна прыняць дадатковыя меры па своечасовым выкананні праектна-каштарыснай дакументацыі і набыцці труб і камплектуючых.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *