Пра тое, што на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм г.Ляхавічы спорт і здаровы лад жыцця ў пашане, вядома даўно

Тутэйшыя працаўнікі і заўзятыя балельшчыкі (шмат разоў за кошт арганізацыі ездзілі на разнастайныя матчы па футболе, хакеі, гандболе з удзелам беларускіх каманд ці зборнай краіны) і самі актыўна займаюцца спортам, вядуць здаровы лад жыцця. А прыкладам з’ўляецца дырэктар прадпрыемства Сяргей Юшкевіч. Гэта ён – ініцыятар і арганізатар многіх цікавых і карысных пачынанняў і спраў. Працуючы раней майстрам і галоўным інжынерам узначальваў пярвічку БРСМ.

Увогуле, клопат пра здароўе працаўнікоў – адзін з важных накірункаў дзейнасці кіраўніцтва прадпрыемства. Тут даўно зразумелі, што трэба дбаць пра здароўе і арганізацыю вольнага часу работнікаў, гэта сур’ёзна дапамагае дабіцца добрых паказчыкаў у вытворчасці, яшчэ больш аб’яднаць калектыў, стварыць атмасферу добразычлівасці, узаемадапамогі, падтрымкі, накіроўваць на вырашэнне агульных задач.

Нядаўна на базе ПМС была створана футбольная каманда “Меліяратар”. У яе складзе 13 чалавек (не толькі работнікі прадпрыемства, але і лепшыя спартсмены-аматары з іншых арганізацый раёна). Трэніруе футбалістаў сам дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч.

– Вырашылі, як гаворыцца, з месца — у кар’ер. Патрэніраваліся, прыгледзеліся і падалі заяўку на ўдзел у адкрытым чэмпіянаце горада Баранавічы па футзале. Гэтыя спартыўныя старты сёлета сабралі 16 каманд прадпрыемстваў і арганізацый Баранавічаў, Ганцавічаў і Ляхавічаў і аб’ядналі пад сваімі спартыўнымі сцягамі больш за 1200 удзельнікаў ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшых, – расказвае Сяргей Юшкевіч.

Старт аказаўся паспяховым: “Меліяратар” у першым матчы перамог баранавіцкую дружыну “Фартуна” з лікам 5:2. Канешне, наперадзе яшчэ нямала матчаў (турнір завершыцца ў сакавіку 2014 года), але першая перамога акрыліла і надала сіл і упэўненасці.

За сродкі ПМС набыта форма для футбалістаў. Дарэчы, у камандзе будуць рады і новым перспектыўным ігракам, і спонсарскай дапамозе.

А ў пээмэсаўцаў наперадзе не толькі трэніроўкі, але і паездкі на хакейныя, гандбольныя матчы ў Мінск, на адкрыццё новага стадыёна ў Барысаў. Сяргей Юшкевіч расказаў, што плануецца набыць пэўную колькасць білетаў для працаўнікоў на гульні Чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў Мінску ў маі 2014 года.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *