В гимназии г.Ляховичи провели встречу с представителями различных сфер деятельности

Вядома, што найбольшых поспехаў дасягаюць тыя людзі, якія займаюцца па-сапраўднаму любімай справай. Але прафесійныя схільнасці часцей за ўсё праяўляюцца пасля таго, як ужо атрымана адукацыя, набыты вопыт і, здавалася б, вырашана пытанне кім быць. У школьным жа ўзросце па статыстыцы толькі 15 працэнтаў вучняў выбіраюць свой прафесійны шлях. Каб дапамагчы сённяшнім школьнікам сарыентавацца ў мностве прафесій, у гімназіі правялі сустрэчу з прадстаўнікамі розных сфер дзейнасці. Адкрываючы яе, дырэктар навучальнай установы Таісія Шыбут адзначыла, што ўменне знайсці сваё месца ў жыцці, выбраць справу, якая будзе прыносіць табе радасць і карысць грамадству, – гэта талент. Шматлікія госці расказвалі пра асаблівасці сваіх прафесій. Загадчыца сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла пералічыла спецыяльнасці, якія сёння найбольш запатрабаваны на рынку працы. Працягвалася сустрэча работай у групах. Кожны гімназіст меў магчымасць паразмаўляць з госцем, чыя прафесія найбольш зацікавіла. Напрыклад, з архітэктарам. Некаторыя рабяты бачаць у гэтай творчай прафесіі вялікую перспектыву. Якімі навыкамі трэба валодаць такім спецыялістам, якія ВНУ іх рыхтуюць, расказаў галоўны архітэктар раёна Андрэй Краеўскі. З асаблівасцямі сваёй прафесійнай дзейнасці, магчымасцямі сучасных камп’ютарных тэхналогій пазнаёміў інжынер-праграміст РКЦ №3 у г. Ляхавічы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Станіслаў Дзядзюра. Вельмі цікава расказваў пра сельскагаспадарчыя прафесіі намеснік старшыні СВК “Шлях новы” Віталій Кульбіцкі. Галоўны ляснічы лясгасу Сяргей Новік акрэсліў сферу дзейнасці лясной гаспадаркі раёна, звярнуў увагу на тое, што ў рабоце шырока прымяняюцца новыя тэхналогіі. Быць урачом – значыць быць чалавекам гуманным, добразычлівым, самаадданым, без гэтага нельга знайсці сябе ў прафесіі, перакананы намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў. Пра высокую адказнасць і высакароднасць медыцынскай прафесіі гаварыў ён рабятам. Шмат карыснай інфармацыі падрыхтавалі для гімназістаў начальнік групы прызыву райваенкамата Аляксандр Байчык, намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Сокал. Змястоўна і цікава правяла прэзентацыю сваёй прафесіі спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №117 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Наталля Грыгаровіч. Пра перспектывы развіцця перапрацоўчай прамысловасці, а таксама спецыяльнасці і навучальныя ўстановы, дзе можна набыць патрэбныя на прадпрыемстве прафесіі, расказалі намеснік дырэктара СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Уладзімір Стыкуць і начальнік планава-эканамічнага аддзела ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” Вольга Бурак. Рабяты атрымалі адказы на многія пытанні, якія іх цікавілі.

Ірына БОНДАР, сацыяльны педагог гімназіі.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *