Ляхавічы: а ў нас – «Кастрычнік!»

Назва ляхавіцкага кінатэатра – “Кастрычнік” – засталася з тых часоў, калі дзень 7 лістапада быў галоўным святам вялікай шматнацыянальнай краіны СССР. Сёння пра гістарычную вяху нагадваюць падручнікі, фотаздымкі, кінастужкі і назвы, дадзеныя шматлікім аб’ектам у гонар знакавых падзей.

Наш “Кастрычнік” сёлета сустракае Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі абноўленым і прыгожым – у яго рэканструкцыю дзяржавай укладзена больш за 3,5 мільярда рублёў.

Для тых, хто нарадзіўся і вырас у СССР, 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – урачысты, больш за 70 гадоў адзначаўся як галоўнае свята краіны.

Кастрычніцкая рэвалюцыя – адна з тых знакавых палітычных падзей у гісторыі чалавецтва, якая паўплывала на ўсю гісторыю XX стагоддзя. Галоўнае яе дасягненне – права людзей на працу, адукацыю, адпачынак; права на грамадства без насілля, прыгнёту, без вайны. Жанчыны атрымалі роўныя правы з мужчынамі, ліквідавалася не-пісьменнасць, у людзей з’явіліся сацыяльныя льготы і, што самае галоўнае, – права на ўдзел у кіраванні краінай. І цяпер актуальныя ідэі і лозунгі пра роўнасць і братэрства, салідарнасць працоўных.

Беларусь на сённяшні дзень адзіная краіна, дзе дзень 7 лістапада не толькі захаваў гістарычную назву, але мае статус святочнага і выхаднога.

“Пасля перамогі Кастрычніцкага ўзброенага паўстання ў Петраградзе Савецкая ўлада была ўстаноўлена і на неакупаванай тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Працоўныя разам з салдатамі Заходняга фронту горача віталі сацыялістычную рэвалюцыю, сталі на абарону заваёў Кастрычніка. З былых франтавікоў, якія вярталіся дахаты, былі створаны атрады Чырвонай гвардыі”, – паведамляе падрабязнасці пра кастрычніцкія падзеі ў Ляхавіцкім раёне кніга “Памяць”.

Гэта наша гісторыя. Нехта мудры справядліва заўважыў: каб зразумець сучаснасць і прадбачыць будучыню, трэба ведаць мінулае.

Пра падзеі тых дзён нагадваюць многія назвы. Кастрычніцкі раён, вуліца ёсць ці не ў кожным горадзе. Імя кастрычніка носяць гасцініцы, плошчы, станцыі, нават населеныя пункты.

На Ляхавіччыне таксама многае нагадвае пра лёсавызначальную для народа падзею. У райцэнтры таксама ёсць вуліца Кастрычніцкая. Яе жыхары лічаць за гонар мець такі знакавы адрас. Хоць назва і гістарычная, але вуліца сучасная, адной з першых была газіфікавана. Тут жывуць добразычлівыя людзі, якія здаўна славяцца працавітасцю і гасціннасцю.

Галоўная вуліца Ляхавіч носіць імя Леніна. Па гэтай вуліцы ў райцэнтры прапісаліся аўтастанцыя, кінатэатр, аграрны каледж, шматпавярховыя жылыя дамы.

Галоўная гарадская плошча таксама носіць імя Леніна, на ёй размешчаны адміністрацыйныя і грамадскія пабудовы райцэнтра: Дом Саветаў, пошта і РВЭС, Дом культуры. На плошчы знаходзіцца памятны знак у гонар 500-годдзя горада. А ў вёсцы Падлессе да помніка правадыру рэвалюцыі ў дзень ягонага нараджэння і іншыя святы штогод ускладаюцца кветкі.

Назву “Кастрычнік” носіць і гарадскі кінатэатр. Зусім нядаўна – да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” – ён справіў наваселле. На рэканструкцыю “Кастрычніка” затрачана амаль 3,5 мільярда рублёў, выдаткаваных з бюджэту. Змяненні ўжо ацанілі аматары кіно. Стыльнае фае, прыгожая зала, сучаснае абсталяванне, вялікі экран, зручныя крэслы. Да паслуг сем’яў і сяброўскіх кампаній – малая зала кінатэатра, якая ўмяшчае да 7 чалавек. Тут за пэўную аплату можна праглядзець вузкім колам мастацкія, мультыплікацыйныя фільмы, здымкі сямейных урачыстасцяў і іншае. Добраўпарадкавана і тэрыторыя каля кінатэатра.

Яшчэ адзін гістарычны напамін у тэму – вуліца Савецкая. На ёй, акрамя прыватных сядзіб і касцёла, “жывуць” ЦБП № 117 ААТ “ААБ Беларусбанк», перадавое прадпрыемства СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».

Паралельна вуліцы Леніна – вуліца 17-га Верасня. Менавіта тут размяшчаецца дарэвалюцыйная пабудова, у якой сёння кватаруе аддзяленне дэпартамента аховы, праз дарогу – абноўленая знешне і ўнутры гасцініца.

Пра тое, што да падзей кастрычніка 1917-га ў раёне заўсёды было паважлівае стаўленне, гаворыць і назва вуліцы 60 гадоў Кастрычніка. Шмат гадоў на Ляхавіччыне працавала гаспадарка са слаўнай гісторыяй – СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік.

Праз 4 гады Кастрычніцкай рэвалюцыі споўніцца стагоддзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *