Цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасць

Людміла Ламака

Людміла Ламака не ўяўляе свайго жыцця без песні. Гэтак жа цяжка ўявіць без Людмілы ляхавіцкую мастацкую самадзейнасць

Каму што дастаецца ў спадчыну ад продкаў, а Людміле – голас. Ад бабулі Ядвігі, якая мела яркае сапрана і лічылася першай спявачкай на ўсю акругу. А Людміла, хоць і малой была, тут жа запамінала словы і мелодыю і моцным дзіцячым галаском трымала партыю. Першыя заслужаныя апладысменты былі ад родных і сваякоў, а дзяўчынка аб’явіла ўсім, што будзе спяваць…

Мара збылася: пасля школы паступіла ў сталічны інстытут культуры. Пакуль вучылася, брала ўрокі майстэрства ў знакамітых педагогаў, яе альт пакарыў многіх знаўцаў песеннага мастацтва. Паступіла прапанова спяваць у Дзяржаўным хоры пад кіраўніцтвам Дрынеўскага, у ансамблі “Свята” нават прысутнічала на некалькіх рэпетыцыях, а калі з універсітэцкім ансамблем “Валачобнікі” паехала ў Маскву на фестываль моладзі і студэнтаў і саліравала некалькі песень, яе заўважыла сама Людміла Зыкіна, пакінула візітоўку і запрасіла спяваць у праслаўленым ансамблі “Расія”.

На распуцці была Людміла. Вырашыў яе далейшы жыццёвы і творчы шлях Мікалай, які прапанаваў руку і сэрца. І ад гэтай прапановы яна адмовіцца не змагла.

Сям’я, два сыны, муж і шчаслівая сустрэча на Ляхавіччыне з былым начальнікам аддзела культуры райвыканкама Уладзімірам Круком, які прапанаваў Мікалаю Ламаку ўзначаліць гарадскі Дом культуры.

Калі душа спявае, то і для творчай дзейнасці прастор. Людміла заўважыла, што ў Ляхавічах вельмі многа таленавітых дзяцей: спяваюць, танцуюць. Яна стварыла дзіцячы самадзейны калектыў “Спадчына”, які неўзабаве атрымаў званне ўзорнага ансамбля народнай песні. Дарэчы, сярод самых актыўных удзельнікаў былі сыны: Коля упэўнена трымаў партыю тэнара, а Максім – баса.

Песня будаваць і жыць дапамагала: справілі наваселле ў сваім доме, пасадзілі сад, дзеці падрасталі і ішлі па слядах сваіх бацькоў. І Людміла зразумела, што тут, у Ляхавічах, яна не часова, як меркавала раней, а назаўсёды. Па сцэнарыі “Валачобнікаў”( 6 жаночых галасоў, 6 мужчынскіх і аркестровая група) быў створаны ансамбль народнай песні “Крыніца” (сёння ён мае званне народнага), якому аддае яна ўвесь свой талент і любоў, у якім удзельнічаюць таксама і муж, і сыны.

У доме Ламакаў заўсёды гучыць песня: спяваюць нявесткі, нават у маленькіх унукаў бабуля Людміла заўважае будучыя сцэнічныя галасы.

Калі ж выпадае свабодная мінута і магчымасць паспяваць “для душы” , Людміла абавязкова ўспомніць сваю любімую песню “Мамін голас”, якая заўсёды была і застаецца разам з ёю. Гэта тая песня, якая заўсёды вяртае дамоў, да сваіх каранёў, да роднага парога.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *