Ляхавічы: ільняныя рахункі

Прайшло больш як 40 гадоў з моманту, калі ў вёсцы Задвор’е Ляхавіцкага раёна пачаў працаваць ільнозавод. Многае змянілася з таго часу і ў краіне, і ў раёне, але гэтае прадпрыемства змены амаль не закранулі. ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” па-ранейшаму спецыялізуецца на нарыхтоўцы і першаснай апрацоўцы льнотрасты і рэалізацыі льновалакна – доўгага і кароткага.

Для даведкі.

Доўгае валакно з’яўляецца найбольш каштоўным прадуктам, які выкарыстоўваецца для вырабу розных відаў тканін. А кароткае лічыцца тэхнічным і, акрамя тэкстыльнай прамысловасці, выкарыстоўваецца ў медыцыне, мэблевай і будаўнічай прамысловасці, вытворчасці паперы.

Адходы апрацоўкі льнотрасты (кастра) выкарыс-тоўваюцца ў якасці паліва. Таксама з кастры можна вырабляць кардон, будаўнічыя пліты, удабрэнні і інш.

Акрамя асноўнай вытворчасці, прадпрыемства займаецца вырошчваннем ільну і традыцыйна мае найбольшыя ў раёне плошчы гэтай культуры. Сёлета, напрыклад, – 1323 гектары, з якіх атрымана 1103 тоны льновалакна пры сярэдняй ураджайнасці 8,3 цэнтнера з гектара. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Страмавус, па стане на 24 кастрычніка ў лік дзяржзаказу заводам пастаўлена 232 тоны доўгага льновалакна (74,1 працэнта дзяржзаказу за 10 месяцаў) і 300 тон кароткага (68,1 працэнта).

Не сакрэт, што праблем у завадчан хапае. Заробак, мякка кажучы, невялікі. Умовы працы далёка не ідэальныя. У цэхах скразнякі, дах цячэ, у памяшканнях холадна і сыра. Ільнозаводу, як паветра, патрэбна мадэрнізацыя, інакш – не выжывеш.

Станоўчыя змены ў ільноперапрацоўчых прадпрыемствах краіны мае на ўвазе дзяржаўная праграма мадэрнізацыі вытворчасці, у якую ўключаны і Ляхавіцкі льнозавод. Прадпрыемству быў выдаткаваны на льготных умовах крэдыт на закупку новага сучаснага абсталявання і ўзвядзенне памяшканняў пад яго. Здавалася б, справа зрушылася з месца…

Высокапрадукцыйная сучасная лінія па вытворчасці льновалакна закуплена і зараз знаходзіцца на складах у Калінкавічах. Канешне, разлічвалі, што, нарэшце, завадчане пачнуць працаваць на новым абсталяванні, павысіцца выпрацоўка, а, значыць, змогуць атрымліваць больш высокую заработную плату, адпаведна знізіцца і цякучка кадраў, якая апошнім часам асабліва відавочная. Але з планамі паспяшаліся ў літаральным сэнсе. Аказалася, што закупленае абсталяванне… не ўмяшчаецца ў прызначаны для яго цэх. На экспертызу адпраўлены новы бізнес-план, патрабуецца будаўніцтва новага памяшкання… А ААТ “Белаграпрамбанк” патрабуе вяртання працэнтаў па крэдытах. Трэба плаціць за тое, што яшчэ не працуе і не дае вынікі.

Гэтыя праблемныя пытанні былі ўзняты падчас нядаўняй рабочай паездкі на льнозавод старшыні Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Якабсона. Сітуацыя на прадпрыемстве ўразіла не з лепшага боку, таму на нарадзе ў райвыканкаме размова была надзвычай жорсткай. Аляксандр Якабсон указаў на пралікі кіраўніцтва завода і ААТ “Белаграсэрвіс”, запатрабаваў неадкладнага вырашэння праблемных пытанняў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар узяў сітуацыю на Ляхавіцкім ільнозаводзе пад асабісты кантроль. Амаль што адразу былі выдаткаваны сродкі на рамонт даху ў старых вытворчых памяшканнях. На сёння гэты рамонт завершаны.

Праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю завода з устаноўкай высокапрадукцыйнай лініі па выпрацоўцы льновалакна праходзіць экспертызу ў Мінсельгасхарчы і Міністэрстве эканомікі. Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Богнат, праектам прадугледжваецца будаўніцтва вытворчага корпуса з дадатковымі памяшканнямі (цеплапункт, супрацьпажарная помпавая станцыя, трансфарматарная падстанцыя, участак брыкетавання адходаў і інш.), новай шохі і кацельні, фільтр-камеры, навеса для кастры, аўтавагаў. Прадугледжаны таксама мадэрнізацыя вода- напорнай вежы, рэканструкцыя будынка цэха кастраплітаў, рамонт інжынерных і электрасетак і іншае.

Пачалася рэалізацыя праекта. Яго генеральным праекціроўшчыкам з’яўляецца інстытут ААТ “Беллегпраект”, заказчыкам – упраўленне капітальнага будаўніцтва, пад-радчыкам – ПМК-13. Па словах Валерыя Богната, ужо закла-дзены фундамент пад будынак, дзе будзе ўстаноўлена новая лінія. Да канца года памяшканне павінна быць узведзена, абсталяванне завезена, а яго наладка і запуск запланаваны на першую палову 2014 года.

Зрушыліся з месца і выплаты па крэдытах. Як паведаміла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Кацуба, на працягу кастрычніка амаль поўнасцю пагашаны банкаўскія працэнты за 2013 год (на гэтыя мэты былі накіраваны сродкі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў). У аблвыканкаме вырашаецца пытанне з пагашэннем запазычанасці льнозавода за 2012 год. Таццяна Кацуба адзначыла, што, нягледзячы на пэўныя пралікі ў рабоце і складанае фінансавае становішча, кіраўніцтва завода на чале з дырэктарам Дзмітрыем Скакуном прымае меры па выхадзе з няпростай сітуацыі, працуе над павышэннем якасці вы-пускаемай прадукцыі.

Канешне, разважаць пра сённяшні дзень завода і не пацікавіцца бачаннем спраў і перспектыў далейшага развіцця ў кіраўніка прадпрыемства нельга. Аднак, дырэктар завода Дзмітрый Скакун ад размовы адмовіўся…

Шляхі выхаду з сітуацыі абавязкова будуць знойдзены – у гэтым зацікаўлены многія. Ды і зрухі ў станоўчым накірунку ёсць. Робіцца ўсё магчымае, каб ляхавіцкі лён перастаў быць цяжкім і праблемным. І, як шмат гадоў назад, завадчане з гонарам гаварылі, што працуюць на Ляхавіцкім ільнозаводзе.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *