Ляховичи:финишировал очередной турнир на призы мастера спорта международного класса Геннадия Валюкевича

Генадзій Валюкевіч з юнымі лёгкаатлетамі Ляхавіччыны.

Фінішаваў чарговы турнір на прызы майстра спорту міжнароднага класа Генадзія Валюкевіча. Ураджэнец Ліпска, у свой час адзін з элітных майстроў трайнога скачка “сабраў” ужо восьмы падобны турнір. Як і ў папярэднія гады, часам правядзення дзіцяча-юнацкіх лёгкаатлетычных спаборніцтваў стала апошняя трэць восені, месцам – бегавыя дарожкі і скачковы сектар Ляхавіцкай ДЮСШ. Сёлетнія старты, якія праходзілі 8 і 9 лістапада, былі часткова “вынесены” на адкрытае паветра. Акрамя скачковых дысцыплін і максімальна кароткага 30-метровага спрынту, усё астатняе – эстафетны бег і бег на 300, 600, 1000 метраў, а таксама спартыўную хадзьбу на кіламетровую дыстанцыю прымаў авал стадыёна. Дзякуй надвор’ю – не зусім лістападаўскаму, аднак, дастаткова спрыяльнаму для такой падзеі.

На гэты раз на прызы былога чэмпіёна Еўропы прэтэндавалі прадстаўнікі шасці каманд вобласці: з Баранавіч, Баранавіцкага, Столінскага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага раёнаў і, канешне ж, гаспадары спаборніцтваў юныя атлеты Ляхавіччыны. Баранавіцкія лёгкаатлеты аказаліся найбольш паспяховымі на турніры: у іх неафіцыйнае каманднае першынство, найбольшая колькасць прызавых месцаў у асобных з дысцыплін праграмы. У тым ліку і ў родным для Генадзія Валюкевіча трайным скачку. Нашы землякі першынствавалі і былі трэцімі ў спартыўнай хадзьбе – Аксана Канапельчанка і Аляксандра Давыдава адпаведна. Плюс пакінулі за сабой “бронзу” ў трох бегавых дысцыплінах турніру: Таццяна Смірнова на 30 метраў, Ганна Пранчак – на 300, камбінаванай эстафеце ў складзе ўжо названых Таццяны і Ганны, а таксама Ягора Грыгарука і Юрыя Тарлюка.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *