Звініць запамінальна званок развітальны

З самай раніцы мінулая субота была ў прадчуванні свята. Добрае надвор’е, кветкі, сонечныя шчырыя ўсмешкі, строгія касцюмы і прыгожыя сукенкі, традыцыйная школьная форма і белыя фартушкі ўпрыгожвалі горад і вёскі. Школы былі ў прадчуванні апошняга званка, які для большасці абвяшчае заканчэнне чарговага навучальнага года, а для некаторых… Яшчэ не раз сённяшнія адзінацца-цікласнікі зведаюць настальгію па школе, але субота была іх днём, днём развітання з дзяцінствам і першай прыступкай у дарослае жыццё.
Пажаданні добрага шляху гучалі ад дырэктараў школ, настаўнікаў, бацькоў, першакласнікаў, былі ўзнагароды, граматы, падарункі — як і належыць на свяце. Вельмі пранікнёна гучалі словы з вуснаў галоўных дзеючых асоб — выпускнікоў. А потым па традыцыі на апошняй для выпускнікоў школьнай лінейцы звінеў развітальны званок і дружна ўзмылі ўверх, расквеціўшы прыгожымі яскравымі фарбамі майскае неба, паветраныя шары. І кожны выпускнік пры гэтым задумаў сваё самае патаемнае жаданне. Сёлета апош-ні званок з асаблівым хваляваннем слухалі 329 юнакоў і дзяўчат Ляхавіччыны, тых, у каго за плячыма застаўся 11 клас, і 373 дзевяцікласнікі.
Трапяткім, запамінальным і ўрачыстым стала свята апошняга званка і для сямі выпускнікоў Свяціцкай СШ. Поспехаў, удачы, натхнення і ўпэўненасці жадаў рабятам старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Віншавалі рабят дырэктар школы Валерый Зубарык, старшыня СВК «Ліпнянка» Уладзімір Варвашэвіч, настаўнікі і бацькі.
А наперадзе — экзамены, выпускны, тэсціраванне… Поспехаў вам і спраўджаных мар, выпускнікі!
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *