Фермерская гаспадарка “Даманскае” добра вядома і за межамі Ляхавіцкага раёна

Фермер Іван Шклянік

«Ад зямлі і да зямлі».

Фермеры – людзі асаблівыя, ім не займаць працавітасці, настойлівасці, энергічнасці. У Ляхавіцкім раёне сёння 18 фермерскіх гаспадарак, з якіх 2 былі створаны сёлета. Палова ад агульнай колькасці паспяхова і ўпэўнена развіваецца не першы год, даказала сваю жыццяздольнасць. Агульная плошча фермерскіх зямель – больш за 770 гектараў. Спецыялізуюцца гаспадаркі, у асноўным, на вытворчасці прадукцыі раслінаводства. Доля фермерскай агародніннай прадукцыі ад агульнага раённага ўраджаю сёлета складае 23 працэнты, цукровых буракоў – 8 працэнтаў.

Фермерам аказваецца дзяржаўная падтрымка. Так, у 2012 годзе з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў у выглядзе ільготных банкаўскіх крэдытаў і бязвыплатнай бюджэтнай дапамогі на развіццё гаспадарак было выдзелена 780 мільёнаў рублёў, за 10 месяцаў сёлета – 440 мільёнаў.

Сёлета чарговы раз прызнана лепшай у раёне. Знаёмыя яе кіраўніку Івану Шкляніку і больш значныя вышыні – перамога 3 гады назад у рэспубліканскім спаборніцтве ў намінацыі “Землекарыстанне высокай культуры земляробства” і ўшанаванне на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі”. Насуперак усім цяжкасцям Шклянік даказаў, што пры ўмелым падыходзе, жаданні працаваць на зямлі фермерства можа прыносіць прыбытак. Галоўнае – не толькі браць ад зямлі, але і ставіцца да яе з любоўю, па-гаспадарску. “Даманскае” актыўна развіваецца, удасканальваецца, цвёрда стаіць на нагах. Землякі лічаць за гонар дапамагаць убіраць ураджай тут – адносіны да людзей паважлівыя і заробкі задавальняюць.

Іван Шклянік не любіць афішыраваць сваю дзейнасць, але яму ўдзячны за штогадовую дапамогу Начаўская СШ і дзіцячы сад, СШ №1. Менавіта фермерская вітамінная прадукцыя штодзённа падаецца ў сталовых гэтых навучальных устаноў. На восеньскім кірмашы ў райцэнтры бульба з гаспадаркі разышлася ўмомант (дарэчы, яе ўраджайнасць склала сёлета 300 ц/га).

Машынна-трактарны парк “Даманскага” сярод іншых фермерскіх гаспадарак – самы вялікі. Ён складаецца з 11 адзінак тэхнікі: гэта і трактары, і грузавыя аўтамабілі, і іншыя жалезныя памочнікі.

Не навічок у фермерстве і Валерый Радзюк. У яго фермерскую гаспадарку “Уладзімір плюс” прыязджаюць пакупнікі з суседніх раёнаў – слава пра смачныя яблыкі і якасныя саджанцы разносіцца далёка. Нездарма некалькі гадоў назад у абласным конкурсе “Лепшы прадпрымальнік года” ў намінацыі “Лепшая сялянская (фермерская) гаспадарка” ён стаў лаўрэатам. ”Уладзімір плюс”, дарэчы, таксама ўшаноўвалі як пераможцу рэспубліканскага конкурсу за высокую культуру земляробства.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *