Цукар як соль зямлі

Машыністы ЗСК Мікалай Траян, Мікалай Занько, Андрэй Свінабурка, Аляксандр Новік.

Усё класічнае, прайшоўшае выпрабаванне часам, калі і не валодае, то “аддае” нейкім флёрам магічнасці. Не ў абсалютным разуменні, не ва ўсіх выпадках, не для кожнага. Спашлёмся на вядомае і скажам, што нельга абняць неабдымнае. Да чаго ўсё гэта? У апраўданне, што гаворачы аб некім ці нечым, цяжка звярнуцца да ўсяго вартага ўвагі. У нашым выпадку ў якасці ”нечага” выступіць СВК “Жарабковічы”. Гаспадарка – цяжкавагавік раённай сельскагаспадарчай вытворчасці, у раёне адзін з трох лідараў па плошчы сельгасугоддзяў. Лічба ў 8 000 гектараў сведчыць пра многае і пры любым раскладзе з’яўляецца велічынёй вельмі сур’ёзнай. Ёсць пункты, дзе “Жарабковічы” адзіныя і непаўторныя на, як мінімум, усю Ляхавіччыну. Напрыклад, найвышэйшы – амаль 46 адзінак – бал урадлівасці ворыўных зямель, канешне, не заслуга гаспадаркі. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, высокі бал урадлівасці далёка не гарантуе высокіх ураджаяў. Больш таго, работа на такой зямлі мае сваю тонкую спецыфіку: адна справа кіраваць патрыманым “жыгулём” і зусім іншая – спарткарам класа “Формула-1”. Спецыялістам меркаваць, наколькі паспяхова спраўляюцца са сваёй высокабальнай “формулай” гаспадарнікі “Жарабковіч”. Але, калі гаварыць пра цукровыя буракі, роўных у вырошчванні гэтай культуры ім у раёне няма. Больш таго, і ў вобласці, калі такія знойдуцца, то ў вельмі абмежаванай колькасці. Між тым, працэс гэты няпросты тэхналагічна, нятанны. Нават пры выкананні поўнага алгарытму тэхналагічных на працягу сезона вегетацыі дзеянняў гарантыя на поспех не стопрацэнтная. Могуць умяшацца розныя “непрагнозныя” фактары, абставіны, здольныя, мякка скажам, заметна нівеліраваць вынік няпростай работы аграрыяў.

Абеды ў "Жарабковічах" традыцыйна смачныя і сытныя

Стабільнасць – прыкмета майстэрства. У “Жарабковічах” жа з году ў год атрымліваецца. І ў плане аб’ёмаў, і адносна ўраджайнасці, якасных характарыстык самога караняплода.

Прайшоўшы сезон, гаворана-перагаворана, выдаўся не самым аграспрыяльным. Але свае ў сярэднім больш за 560 цэнтнераў салодкай прадукцыі з гектара гаспадарка падняла. Трэба думаць, што і няблага “паднялася” на гэтым – улічваючы спажывецка-эканамічны расклад на рынку салодкай сыравіны.

Абсалютная ўраджайнасць – адзін і не самы аб’ектыўны паказчык паспяховасці эксплуатацыі зямельных рэсурсаў – розныя стартавыя ўмовы не могуць не адбіцца на канчатковым выніку. Выхад прадукцыі на бала-гектар ворыва – справа іншая. Адносная з улікам якасных асаблівасцяў глебы характарыстыка. У “Жарабковічах” гэту характарыстыку вызначае лічба 1223 кілаграмы, што лепш, чым у двух іншых вытворцаў цукровых буракоў раёна.

Паказчык рэнтабельнасці продажу прадукцыі ў “Жарабковічах” таксама самы высокі ў раёне – за 9 месяцаў года раўняецца 20,4 працэнта. Для нагляднасці скажам, што наступнай у рэйтынгу значыцца гаспадарка з паказчыкам 16,9.

У такім жа святочна-аб’ектыўным стылі можна было б прадоўжыць. Аднак, нельга абняць неабдымнае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *