Практыка ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы мае надзвычай важнае значэнне

Будучы заатэхнік практыкуецца ў якасці аператара машыннага даення.

У каледжы жыццё віруе. Канешне, вучоба – асноўнае, але ж і практыка мае надзвычай важнае значэнне. У ЛДАКу яна рознапланавая. Як патлумачыла кіраўнік практыкі Галіна Пянткоўская, практыка бывае азнаямляльнай, сельскагаспадарчай і тэхналагічнай.

Менавіта падчас азнаямляльнай і сельскагаспадарчай практыкі на базе вучэбнай гаспадаркі будучыя спецыялісты-аграрыі замацоўваюць атрыманыя на занятках веды.

Адказны час цяпер для выпускнікоў заатэхнічнага аддзялення і аддзялення ветэрынарнай медыцыны з 42 “заа”, 42 і 41 “вет” груп. Яны праходзяць тэхналагічную практыку на тых сельгаспрадпрыемствах Мінскай і Брэсцкай абласцей, кіраўнікі якіх зрабілі папярэднія заяўкі на маладых спецыялістаў. Многія каляджане практыкуюцца ў гаспадарках, якія яны падчас папярэдняга размеркавання абралі сваім будучым месцам працы. Добры шанц прыгледзецца да іпатэнцыяльнага работадаўца, калектыву, да ўмоў працы, жыцця і адпачынку і зрабіць выбар.

Частка навучэнцаў выпускных груп праходзіць тэхналагічную практыку на месцы – у вучэбнай гаспадарцы “Каменка”. Юнакі і дзяўчаты спрабуюць сябе ў якасці лабаранта, загадчыка фермы, тэхніка-асемянатара, нават галоўнага заатэхніка. Канешне, не адразу ўсё атрымліваецца, але яшчэ  ёсць час падвучыцца, атрымаць дадатковыя веды і пацвердзіць іх  на практыцы.

За час вучобы класнымі садаводамі (і ўжо нават не аматарамі) становяцца навучэнцы агранамічнага аддзялення – будучыя плодаагароднікі. Юнакі і дзяўчаты з 43 групы ўсё, чаму навучыліся ў ЛДАКу, паказваюць на практыцы – у вучэбным садзе і пладова-ягадным гадавальніку. Дарэчы, каледжскі сад штогод радуе шчодрым ураджаем.

А навучэнцы 22 “вет” і 41 “агра” груп дапамагалі СВК “Тальмінавічы” ва ўборцы бульбы, працавалі на ўборцы другога хлеба і кармавых буракоў на падсобнай гаспадарцы каледжа – зноў-такі добрая практыка.
Акрамя асноўнай спецыяльнасці, у ЛДАКу  атрымліваюць дадатковыя рабочыя прафесіі: на заатэхнічным аддзяленні – аператара машыннага даення, аператара штучнага асемянення жывёлы, вадзіцеля колавых трактараў катэгорыі “А”; на агранамічным – вадзіцеля колавых трактараў і аўтамабіля катэгорыі “В”; аддзяленні ветэрынарнай медыцыны – аператара штучнага асемянення жывёлы; плодаагароднікі – садавода ці агародніка. Згадзіцеся, выгадная справа – мець дыплом з некалькімі прафесіямі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *