Такія аграномы нам патрэбны

Навучэнка 41 групы агранамічнага аддзя лення ЛДАКа Антаніна Лелес – асоба ў каледжскім асяроддзі прыкметная – як у вучобе, так і ў грамадскім жыцці: выдатніца, актывістка, артыстка, бээрэсэмаўка, спартсменка і проста абаяльная дзяўчына.

Яшчэ школьніцай падчас летніх канікул Тоня працавала на зерневым складзе. І з асаблівым інтарэсам слухала расказы сваёй старэйшай сяброўкі пра Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, дзе тая вучылася.
А ў 2010 годзе сярод больш як сотні першакурснікаў ЛДАКа была і Антаніна Лелес з Ганцавіцкага раёна.
— Вучоба не проста спадабалася, яна адразу захапіла мяне. А колькі ўражанняў засталося пасля першай практыкі! – расказвае цяпер ужо чацвёртакурсніца Лелес.
Дзяўчына цвёрда ўпэўнена, што выбрала прафесію аднойчы і назаўжды. Магчыма таму вучоба ёй даецца лёгка. Пачынаючы з першага курса, Антаніна атрымлівае павышаную стыпендыю.
На выпускным курсе спраў хапае, чаго не скажаш пра час. Тоня, як і аднакурснікі, рыхтуецца да галоўнай практыкі – тэхналагічнай.  Ужо выбрала месца яе праходжання: разам з сяброўкай Вольгай Пасацкай (дарэчы, дзяўчына мясцовая, родам з Яцкаўшчыны) будуць рабіць першыя прафесійныя крокі ў якасці аграномаў у ААТ “Гарадзец-Агра” ў Кобрынскім раёне.
А яшчэ Антаніна асвоіла кіраванне колавымі трактарамі і будзе здаваць экзамены на вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі  “В”. Дзяўчына ў час трэцяга працоўнага семестра была байцом будатрада. Можна многае паспець і ўмець, калі пастарацца.Імя Антаніна ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае дастойная пахвалы. Гэта ў поўнай ступені адносіцца і да Тоні Лелес.
Стараста групы, стараста ў інтэрнаце, галоўны экскурсавод ЛДАКаўскага музея, актыўная ўдзельніца мерапрыемстваў і акцый, ініцыяваных БРСМ (у каледжы самая вялікая пярвічка гэтай маладзёжнай арганізацыі) – таксама пра Тоню. Яе творчага запалу хапае таксама і на заняткі ў клубе “Юнацтва”.
– Нават не ўяўляю, як буду без сяброў, выкладчыкаў, аднакурснікаў. Хаця разумею, што жыццё працягваецца і трэба абавязкова рухацца наперад. Хачу атрымаць вышэйшую адукацыю і толькі па сельскагаспадарчым профілі, – гаворыць Антаніна.
Верыцца, што дзяўчына не спасуе перад першымі прафесійнымі цяжкасцямі, якія чакаюць любога маладога спецыяліста, што ўсё ў яе атрымаецца. Такія кадры нашай сельскай гаспадарцы патрэбны!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *