У Ляхавічах ушаноўвалі лепшых працаўнікоў АПК раёна /фота/

Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, кіраўнікі райвыканкама і райсавета Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч знаёмяцца з выставай прадукцыі прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці.

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу невыпадкова адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада. Менавіта апошні месяц восені для сельгасвытворцаў – своеасаблівае падвядзенне вынікаў працоўнага года і закладка фундамента для паспяховага года наступнага.

Хто яны – героі свята? Працавітыя людзі, якія шчыруюць на палях і фермах, мехдварах і заводах, вырошчваюць, даглядаюць, убіраюць, выпускаюць смачную, запатрабаваную, экалагічна чыстую прадукцыю, клапоцяцца пра тое, каб на сталах землякоў быў заўсёды свежы хлеб і да хлеба. Тыя, хто сапраўды любіць зямлю, і каму яна аддзячвае за гэта шчодрым коласам, важкімі надоямі і прывагамі. І сёлета напярэдадні прафесійнага свята лепшыя з лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Ляхавіччыны, кіраўнікі прадпрыемстваў, ветэраны-аграрыі сабраліся разам, каб ушанаваць перадавікоў.

З раніцы, нягледзячы на не надта спрыяльнае надвор’е, гараджане і госці Ляхавіч спяшаліся на стадыён “Колас”, дзе на ўласныя вочы можна было ўбачыць тэхніку, што маецца ў сельгаспрадпрыемствах раёна. У фае і актавай зале ГДК было традыцыйна шматлюдна і ўрачыста. Госці свята з інтарэсам разглядалі выставы сельгаспрадукцыі, народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з задавальненнем каштавалі прадукцыю малочнага, кансервавага заводаў, кааппрама, прадпрыемстваў грамадскага харчавання райпо. Прадукцыю ўласнай вытворчасці прапанавалі і льнозавадчане.

“Мы ўдзячны вам за працу!” – такія словы неаднойчы гучалі падчас свята. Прыняўшы па добрай традыцыі каравай з новага ўраджаю, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што працаўнікі сельгасвытворчасці раёна сёлета чарговы раз прадэманстравалі высокае прафесійнае майстэрства, волю, адказнасць і дасягнулі значных паказчыкаў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі і перапрацоўчай галіне:

Нялёгкім было сёлетняе жніво, але хлебны каравай усё ж можна лічыць удалым. Палі і фермы даюць добрую прадукцыю, якасцю радуюць перапрацоўшчыкі. Усё стала магчымым, дзякуючы самаадданай працы ўсіх спецыялістаў аграпрамысловага комплексу.

Кіраўнік раёна нагадаў, што Ляхавіччына сёлета мае лепшы на Брэстчыне ўраджай цукровых буракоў – кожны гектар салодкіх карэнняў даў 655 цэнтнераў. Не падвяла сёлета і кукуруза: гаспадаркі раёна намалацілі 12 тысяч тон зерня, а ў СВК “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі”, “Шлях новы” каралевы палёў выйшла на круг у сярэднім па 126, 115, 107,5 цэнтнера з гектара.

Вячаслаў Сельмановіч спыніўся і на поспехах у жывёлагадоўчай галіне, назваў прозвішчы перадавікоў – тых, хто сваёй дастойнай і добрасумленнай працай дасягае выдатных вынікаў.

Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што поспехі і дасягненні – гэта добра і важна, але ёсць над чым працаваць і надалей.

— Не выкарыстаны яшчэ той патэнцыял, што ёсць у наяўнасці. І калі яго граматна выкарыстоўваць, то вынікі будуць больш значныя. У тым ліку, у Ляхавіччыны ёсць усе шанцы дасягнуць надояў у сярэднім па раёне ад кожнай каровы больш за 6000 кілаграмаў малака.

Вячаслаў Сельмановіч віншуе з чарговай перамогай старшыню СВК «Ляхавіцкі» Аляксандра Вітко.

Асобна кіраўнік раёна спыніўся на дасягненнях перапрацоўчай галіны.

Словы віншавання з прафесійным святам ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара асабіста перадаў яго намеснік Леанід Цупрык. Леанід Аляксандравіч цёпла павіншаваў землякоў са святам і адзначыў, што аграрыі Ляхавіччыны – гэта адзіны згуртаваны калектыў працаўнікоў, якія жадаюць, каб мудрая, старажытная і вельмі шчод-рая Ляхавіцкая зямля заўсёды славілася працоўнымі перамогамі.

Намеснік старшыні аблвыканкама ўручыў заслужаным людзям раёна граматы і падзячныя пісьмы абласнога выканаўчага камітэта.

Апладысментамі вітала зала пераможцаў рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў. Сёлета адзіным прадстаўніком Ляхавіччыны на рэспубліканскіх “Дажынках” у Жлобіне было звяно машыністаў зернесушыльнага комплексу СВК “Шлях новы”. Каманда ў складзе Васілія Судніка, Мікалая Правалава і Віктара Вардугіна заняла другое месца ў сваёй намінацыі. А СВК “Шлях новы” прызнаны пераможцам абласных спаборніцтваў па вытворчасці піваварнага ячменю.

Па выніках абласнога спаборніцтва на жніве сярод старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў не было роўных Васілію Шадуру (СВК “Шлях новы”). Першае месца сярод маладых вадзіцеляў заняў Аляксандр Глазуноў (СВК “Жарабковічы”). На рахунку нашых землякоў некалькі ганаровых другіх месцаў у абласным спаборніцтве: па вытворчасці цукровых буракоў – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (кіраўнік Дзмітрый Несцяровіч); па вытворчасці бульбы, а таксама вытворчасці прадукцыі ў натуральным вражэнні і ў пераліку на бала-гектары – у СВК “Ляхавіцкі” (Аляксандр Вітко); у экіпажа зернеўборачнага камбайна ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у складзе старшага камбайнера Андрэя Юруця і камбайнера Дзмітрыя Равякі, у старшага камбайнера маладзёжнага экіпажа СВК “Жарабковічы” Сяргея Бурака, вадзіцеля СВК “Канюхі” Мікалая Лойкі, загадчыка МТФ “Русінавічы” СВК “Ляхавіцкі” Эдуарда Шэпета. На трэцюю прыступку гонару неаднойчы падняўся СВК “Ляхавіцкі” – па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, па вытворчасці і рэалізацыі мяса. Малады вадзіцель гэтай гаспадаркі Яўгеній Кірыла заняў трэцяе месца на адвозцы зерня, такога ж месца ў сваёй намінацыі ўдастоены аператар па вырошчванні рамонтных цёлак СВК “Ляхавіцкі” Віктар Маслінскі.

Пераходныя Ганаровыя сцягі сёлета атрымалі СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».

На сцэну запрашаліся лепшыя з лепшых працаўнікоў раёна. Граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама ўручыў ім кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч.

Словы асаблівай удзячнасці і пашаны гучалі ў адрас ветэранаў- аграрыяў, кіраўнікоў, якія ў свой час вывелі гаспадаркі на высокі ўзровень вытворчасці, былі першапраходцамі і ініцыятарамі новаўвядзенняў у сельгасвытворчасці, чый вопыт сёння бясцэнны.

Пад заслужаныя апладысменты на сцэну паднімаліся пераможцы і прызёры раённых спаборніцтваў: экіпажы зерне- і кормаўборачных камбайнаў, лепшыя вадзіцелі на адвозцы зерня і нарыхтоўцы кармоў, машыністы зернетакоў, паляводчыя брыгады, аператары машыннага даення, па адкорме жывёлы, вырошчванні маладняку.

Другі год запар гаспадаркі, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у вытворчасці сельгаспрадукцыі, атрымліваюць пераходныя Ганаровыя сцягі. Сёлета такія ўзнагароды прымалі СВК “Ляхавіцкі” – за дасягнутыя паказчыкі па вытворчасці зерня, алейнага насення рапсу, рэалізацыі малака і мяса, а таксама ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – па вытворчасці цукровых буракоў і бульбы.

Цёплыя прывітальныя словы ў адрас герояў свята гаварыў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў граматы і падзячныя пісьмы райсавета, іншыя заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і ўладальнікам ІІ-й прэміі па выніках раённых спаборніцтваў.

Пра сёлетнія здабыткі гаварыў намеснік старшыні райвыканкама Алег Бурак. Кіраўнік райсельгасхарчу віншаваў з узнагародамі ўладальнікаў ІІІ-й прэміі, а таксама пераможцаў раённага конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Узнагароды ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык. Сярод узнагароджаных – дырэктар ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” Леанід Лейчанка і інжынер па працаёмкіх працэсах у жывёлагадоўлі СВК “Ляхавіцкі” Анатолій Герасімовіч, якія атрымалі граматы рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Уладальніца прыза «ЛВ» Ганна Дзяцел.

Сваіх герояў знайшлі і спецыяльныя прэміі ад СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Іх уладальнікамі сталі гаспадаркі, якія ўнеслі значны ўклад у вытворчасць малака і павелічэнне надояў.

Спецыяльнага прыза раённай газеты “Ляхавіцкі веснік” (а віншаваць працаўнікоў сельскай гаспадаркі стала для “ЛВ” добрай традыцыяй) на гэты раз удастоена загадчыца лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы райветстанцыі Ганна Дзяцел. Яна ж, дарэчы, стала і адным з першых падпісчыкаў “Ляхавіцкага весніка” на І квартал 2014 года. Падарункі ўручыла галоўны рэдактар раённай газеты Вольга Барадзіна.

Як і штогод, абралі пераможцу традыцыйнага конкурсу караваяў. Сёлета лепшымі хлебапёкамі прызнаны майстры кулінарнай справы з ДП “Нача”, другое месца ў каравая ЗТАА “БелДан”, трэцяе падзялілі паміж сабой СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”.

Сваю творчасць шаноўным працаўнікам сельскай гаспадаркі дарылі ў гэты дзень лепшыя мастацкія калектывы Ляхавіччыны. Асабліва парадавалі віноўнікаў урачыстасцей народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” ГДК (мастацкі кіраўнік Людміла Ламака) і вакальная група “Медуніца” Ураджайнінскага СДК (мастацкі кіраўнік Марыя Пронька).

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Героі свята

Прыгожая і перадавая палова СВК «Ляхавіцкі».

У Начы справы ідуць на лад.

Багаты хлебны каравай Ляхавіччыны.

У СВК «Шлях новы» працуюць сапраўдныя мужчыны.

Падчас свята

Песнямі віталі сельгасвытворцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *