Чорна-белы парадак

Тое, што родная зямля – ні з чым не параўнальная крыніца натхнення, вам засведчыць любы мастак, паэт, кампазітар і не толькі чалавек творчы, а і той, хто любіць прыгажосць і ўтульнасць навокал, сам з’яўляецца яе творцам. Зямлю трэба любіць, песціць, даглядаць і клапаціцца пра яе, што праяўляецца перш за ўсё ў адносінах да яе, да нашага дома і дваровай тэрыторыі вакол яго – гэта сапраўдны твар гаспадара. Наводзіць і падтрымліваць элементарны парадак і чысціню — абавязак кожнага. Ды і самому чалавеку прыемна, калі навокал не толькі прыгожыя краявіды, але і добраўпарадкаванасць, утульнасць. І цяпер, калі прырода ў летняй квецені, неабходна падтрымліваць парадак вакол сваіх дамоў, на дваровых тэрыторыях, у гаражных кааператывах, грамадскіх месцах. За апошнія гады аблічча райцэнтра змянілася – дзе кардынальна, дзе не вельмі, але ўсё ж у лепшы бок: вуліцы, паркі, прыдарожныя палосы, вытворчыя тэрыторыі сталі больш добраўпарадкаванымі, эстэтычнымі і дагледжанымі. Удала дапаўняюць аптымістычны малюнак упарадкаваныя прыватныя сядзібы, але, на жаль, не ўсе.
Што лепш раскажа пра гаспадара, чым вонкавы выгляд яго дома і стан тэрыторыі вакол? Не ўсе індывідуальныя домаўладальнікі клапоцяцца пра тое, каб вакол іх дамоў быў парадак. Вось якую карціну давялося назіраць у мінулую сераду ў райцэнтры.
Вуліца Савецкая. Большасць дамоў, тэрыторыі вакол іх, агароджы ў належным стане і маюць даволі эстэтычны выгляд. Але сярод аазісу патанаючых у кветках пабудоў – востраў безгаспадарчасці, смецця, крапівы і бур’яну ў рост чалавека. Тут можна натыкнуцца і на кучы адыходаў будаўніцтва, пяску і г. д. Размова ідзе пра двары дамоў №№ 30, 32 і 34. Не скошана пустазелле і каля дамоў №№16, 31, 49. Такім гаспадарам, мабыць, не сорамна, перад сабой і іншымі. Каля гэтых дваровых тэрыторый трывала пасялілася недагледжанасць.
А вось іншы, зусім супрацьлеглы малюнак на гэтай жа вуліцы. Адразу кідаецца ў вочы дваровая тэрыторыя дома № 112. За размаляванай сіне-блакітнымі фарбамі агароджай адкрываецца прыемная карціна. Кветкі розных сартоў, штучнае азерца, млын, буслы, альпійскія горкі, казачныя героі, чысціня і ўтульнасць усюды. Гэта прыгажосць створана фантазіяй, добрым густам і ўмелымі рукамі гаспадароў – сям’ёй Габарак. Буяюць рознакаляровыя кветкі і ў двары дома № 55.
Наступны адрас маршруту — вуліца Чкалава. Тут сядзіб, якіх не відаць з-за бур’яну, не ўбачылі. Амаль ва ўсіх кветнікі, па вуліцы разносіцца пах язміну і тонкі водар вяснова-летніх кветак. Тэрыторыя вакол кожнага домаўладання па-свойму дагледжаная і добраўпарадкаваная, на вуліцы скошана пустазелле.
Вуліца Першамайская апошнім часам вылучаецца новабудоўлямі ці рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй старых дамоў. Але гаспадары клапоцяцца, каб вакол дома было чыста, пясок — у акуратнай кучы, будаўнічыя матэрыялы складзены. А вось дарога, якая праходзіць праз вуліцу, жадае быць лепшай, яе рамонт – у планах. Праўда, і ізюмінкі ў афармленні прысядзібных тэрыторый убачыць не давялося. А вось чыйсьці ўчастак за домам № 93 у канцы вуліцы ўразіў дык уразіў. У непрыемным плане: пустазелле, рэшткі кустоў і многае іншае ўтварылі сапраўды вялікую гару, з-за якой ні тое, што чалавека, а цэлай вуліцы не відаць…
Магчыма фотаздымкі ў раёнцы і наведванне санітарных службаў і ўчастковых міліцыянераў разбудзяць сумленне ў тых земялякоў, хто вырашыў, што “маё ўладанне: у якім стане хачу, у такім і ўтрымліваю”. Трэба мець на ўвазе, калі выгляд тэрыторый прыватных сядзіб будзе выклікаць сур’ёзныя нараканні, гаспадары і карыстальнікі неахайных участкаў могуць выплаціць пэўныя сумы штрафаў. Згодна артыкула 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжаны штраф у памеры ад 4 да 25 базавых велічынь.
Канешне, станоўчых і адмоўных прыкладаў безліч. Іх можна ўбачыць літаральна на кожнай вуліцы райцэнтра ці любой вёскі. Аўтары – мы з вамі. І так хочацца, каб кожны з нас, шаноўныя землякі, быў сапраўдным гаспадаром – акуратным, ашчадным і дбайным. Каб прыемна было самому жыць і іншым паглядзець.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *