Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Разборка на ферме

Высвятляць адносіны з дапамогай кулакоў – не лепшае рашэнне. У гэтым, напэўна, пераканаўся жыхар вёскі Свяціца, але, на жаль, вельмі позна. Знаходзячыся на ферме СВК “Ліпнянка”, падчас сваркі, якая ўзнікла з-за непрыязных адносін, ён ударыў некалькі разоў у твар 46-гадовага аднавяскоўца. Мужчына ўпаў, стукнуўся аб бетанаванае пакрыццё. Атрымаўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні, праз некалькі дзён пацярпелы памёр у бальніцы. Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Чужое не бяры

Своеасаблівым спосабам вырашыў адсвяткаваць дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзін з нашых землякоў. Пасля 23 гадзін у АДС Ляхавіцкага РАУС патэлефанаваў жыхар вуліцы Інтэрнацыянальнай. Ён паведаміў, што неўстаноўленая асоба пашкодзіла шкло яго аўтамабіля на аўтастаянцы ў двары дома. У выніку аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў высветлілася, што шкоду ўчыніў 31-гадовы вясковец з Вялікай Лотвы. Ён жа наступным вечарам, разбіўшы шкло, выкраў з аўтамабіля зварачны апарат, падаўжальнік, набор ключоў на агульную суму больш чым 5 мільёнаў рублёў. Аматар чужых рэчаў затрыманы.

Са зводкамі РАУС знаёмілася

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Бацька на сына

Вечарам 15 лістапада ў адным з дамоў у вёсцы Падлессе разыгралася сямейная драма. Паміж мясцовым жыхаром 1960 года нараджэння і яго 29-гадовым сынам узнікла спрэчка, якая перарасла ў сварку. Падагрэтыя спіртным мужчыны, якія ўжо раней мелі праблемы з законам, не выбіралі выразаў. Бацька схапіўся за нож і ўдарыў сына прама ў сэрца. Той памёр на месцы.

Ляхавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 139 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (забойства). Падазроны ў здзяйсненні злачынства затрыманы, заключаны пад варту. Ідзе следства.

Віталій ЛАБАНАЎ,

начальнік Ляхавіцкага РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *