На гэтым тыдні Белсаюздрук адзначыў 95-годдзе з дня ўтварэння

З днём нараджэння, саюздрук!

Начальнік аддзялення Святлана Саладуха

Звычайны будны дзень. На пачатку 8-й гадзіны раніцы на вуліцы толькі пачынае віднець. А да павільёна Брэстаблсаюздруку ўжо накіроўваюцца першыя кліенты. Прыкладна па такім сцэнарыі, без часу на роздумы і “раскалыхванне”, пачынаецца працоўная змена ў прадаўцоў саюздрукаўскіх гандлёвых кропак. 21 лістапада Белсаюздрук, у тым ліку і супрацоўнікі Ляхавіцкага раённага аддзялення Брэстаблсаюздруку, адзначыў 95-гадовы юбілей. Менавіта столькі часу мы з задавальненнем карыстаемся магчымасцю набываць газеты, часопісы, спадарожныя тавары ў зручных кіёсках па дарозе на работу. 2 прасторныя павільёны на вуліцы Леніна (адзін – на перакрыжаванні з вуліцай Чкалава, другі – зусім новы – каля магазіна “Родны кут”), 2 кіёскі (на вуліцах Южакова і Інтэрнацыянальнай) і гандлёвы аб’ект у фае на першым паверсе райбальніцы, склад – гэта гаспадарка Ляхавіцкага аддзялення.

Тут працуюць прадаўцы Ірына Слімко, Ефрасіння Адамчык, Раіса Анцюшына, Ларыса Адамава, Антаніна Сяргеенка, Вікторыя Карпач, Людміла Пташук, пазаштатнікі Лілія Ісаханава і Таццяна Пляшэвіч, арганізатар гандлю Ірына Дрозд, загадчыца склада Алена Сяргейчык. Узначальвае гэты хоць і невялікі, але дружны і зладжаны калектыў Святлана Саладуха. Асноўная задача саюздруку, па-ранейшаму, распаўсюджванне перыядычных выданняў. Не ў кожнага з нас хапае часу, каб займацца падпіскай, ці грошай, каб адразу аформіць абанемент на ўсе любімыя выданні. А для кагосьці гэта наогул традыцыя – спяшацца кожны дзень да кіёска, каб купіць свежы нумар газеты ці часопіса. Тым больш, саюздрукаўскія павільёны працуюць у зручным для кліентаў рэжыме: цэнтральны (па вуліцы Леніна) з 7 да 20 гадзін, астатнія – з 7.30 да 19.30.

— Мы пастаянна вывучаем попыт насельніцтва на перыядычныя друкаваныя выданні і імкнёмся найбольш поўна задаволіць чытацкія інтарэсы ляхавічан – як дзяцей, так і дарослых. На паліцах кіёскаў Брэстаблсаюздруку – больш за 600 розных найменняў газет і часопісаў. Найбольшым попытам сярод рэспубліканскіх выданняў карыстаюцца газеты “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, “Комсомольская правда”. Бясспрэчны фаварыт – раённая газета “Ляхавіцкі веснік”. Запатрабаваны тэматычныя выданні, падборкі, напрыклад, “Усё для жанчын” ці “Сад. Агарод”. З кожным выпускам усё большую папулярнасць набываюць гульнёва-пазнавальныя выданні “Ферма”, “Лялькі”, “Аўтамабілі”, “Палацы і комплексы” і іншыя, – расказвае Святлана Саладуха.

Не першы год працуюць у саюздруку Ірына Слімко, Алена Сяргейчык, Ефрасіння Адамчык.

Сёння саюздрук актыўна гандлюе спадарожнымі таварамі. Толькі ўявіце: на паліцах кожнага кіёска ці павільёна – каля 1000 найменняў. Чаго тут толькі няма: канцылярскія тавары, парфумерыя і касметыка, бытавая тэхніка, посуд, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, ручнікі, цацкі і многае іншае. Кантроль за наяўнасцю тавару поўнасцю камп’ютарызаваны – новыя тэхналогіі не абышлі прадпрыемства. Прадаўцы самі ў электроннай базе заказваюць патрэбны тавар, а начальнік аддзялення можа ў рэжыме рэальнага часу сачыць за паступленнем тавару ў кожнай гандлёвай кропцы.

З 6 гадзін раніцы пачынаецца працоўны дзень у Ірыны Дрозд. Гэта менавіта дзякуючы ёй ужо зрання можна купіць свежы нумар перыёдыкі: за дзень яна адсартоўвае і накіроўвае па гандлёвых аб’ектах ад 30 да 50 найменняў друкаваных СМІ, размяркоўвае іншыя тавары. Спраўляецца з усім на выдатна, хоць і працуе ў сістэме параўнальна нядаўна – усяго 8 месяцаў. Толькі добрых слоў ад шматлікіх пакупнікоў заслугоўваюць прадаўцы першага павільёна Ірына Слімко і Ефрасіння Адамчык. Яны параяць, падкажуць, дапамогуць выбраць, калі патрабуецца, і заяўку на тавар ад пакупнікоў прымуць. З усімі ветлівыя і паважлівыя (дарэчы, гэта адметная рыса ўсіх, хто працуе ў Ляхавіцкім аддзяленні). Да юбілею прадпрыемства Ірына Слімко была ўзнагароджана граматай раённага Савета дэпутатаў, а Ефрасіння Адамчык – граматай Брэстаблсаюздруку.

1 снежня споўніцца 30 гадоў, як Алена Сяргейчык пачала працаваць у Ляхавіцкім аддзяленні. Спачатку кіяскёрам, потым сартавальніцай, а зараз – загадчыца склада. Яна ў адказе за безнаяўны разлік і дакладна ведае, дзе што ляжыць, вывучае попыт, імкнецца задаволіць спажывецкія інтарэсы самых розных кліентаў. Некалькі дзесяцігоддзяў калектыў узначальвала выдатнік друку Тамара Нікішова. У многім дзякуючы ёй, Ляхавіцкае аддзяленне стала адным з лепшых на Брэстчыне. Традыцыя плённа працаваць падтрымліваецца і сёння.

— Прыемна, што сваё свята – 95-годдзе ўтварэння саюздруку – Ляхавіцкае аддзяленне сустракае з добрымі паказчыкамі ў рабоце. За 9 месяцаў тавараабарот склаў 112,5 працэнта да плана, продаж перыёдыкі ўзрос да 164 працэнтаў (сярэднеабласны паказчык 140,7 працэнта), рэалізацыя тавараў па безнаўным разліку не знізілася і перавышае 500 мільёнаў рублёў. Продаж газет і часопісаў на 1000 насельніцтва складае 22,2 мільёна рублёў – гэта лепшы паказчык на Брэстчыне. Выручка на адну гандлёвую кропку ў месяц у сярэднім – 37,6 мільёна рублёў, па вобласці лепшы паказчык толькі ў Іванаўскім раёне. У гэтым заслуга кожнага работніка і, канешне, нашых шаноўных кліентаў, якія выбіраюць саюздрук. Хачу павіншаваць калег, былых работнікаў з юбілеем, пажадаць усім здароўя, аптымізму і шчасця, – гаворыць Святлана Саладуха.

“ЛВ” таксама шчыра віншуе Брэстаблсаюздрук – свайго надзейнага дзелавога партнёра з днём нараджэння.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “На гэтым тыдні Белсаюздрук адзначыў 95-годдзе з дня ўтварэння

  • 25/11/2013 в 11:55
    Permalink

    Будет ли на Вашем сайте Ляховичского Вестника показано объявления и соболезнования,чтобы можно их было прочитать.

  • 25/11/2013 в 14:53
    Permalink

    Каб пачытаць аб’вы, Ігар, трэба набыць газету. Мы прапаноўваем нашым чытачам змяшчаць аб’явы і на сайт за невялікую дапаўняльную аплату (http://www.lves.by/?page_id=11003). Пакуль што жадаючых вельмі мала.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *