Крыніца фальклору

Самы сапраўдны цэнтр культуры ў Залужжы – мясцовы сельскі клуб. Невялікая хатка з акуратным падворкам, абсаджаная кветкамі, – менавіта тут збіраюцца ў час адпачынку мясцовыя жыхары, у асноўным людзі сталага ўзросту. Загадчыцы клуба Марыі Палуян сумаваць не даводзіцца, бо ў рабоце з аднавяскоўцамі – яе крыніца натхнення, радасці і шчасця. Пры Залужскім СК створаны фальклорна-этнаграфічны калектыў, які радуе песнямі як мясцовых слухачоў, так і аматараў народнай музыкі на разнастайных раённых мерапрыемствах. На сённяшні дзень у калектыве засталося толькі шасцёра аматараў спеваў. Душа калектыву, яго натхненне – Кацярына Палуян, Вера Кушнярэвіч, Таццяна Навікевіч, Яўгенія Лайша, Марыя Палуян і Леанід Палуян.
Гэты вядомы гурт быў створаны ў маі 1990 года. Вось ужо на працягу 20 гадоў ён радуе землякоў сваёй творчасцю. Па-ранейшаму з задавальненнем яго ўдзельнікі збіраюцца на рэпетыцыі. Хоць падводзіць здароўе людзей шаноўнага ўзросту, але ж, па іх словах, дома сядзець не хочацца, бо душа цягнецца ў калектыў, у якім не толькі спяваюць, але і вядуць размовы на розныя тэмы, раяцца і дапамагаюць адзін аднаму.
30 мая залужскі фальклорна-этнаграфічны калектыў святкаваў свой юбілей. З нагоды свята раённы метадычны цэнтр аддзела культуры падрыхтаваў і правёў сустрэчу “Ты заспявай нам, вёсачка Залужжа”. Свята стала адметным не толькі ў жыцці аматараў спеваў, але і ўвогуле ўсіх вяскоўцаў, бо ўрачыстасці такога кшталту заўсёды радуюць, натхняюць і прыносяць задавальненне. У святочна-юбілейны дзень гучалі не толькі словы падзякі за песенную творчасць у адрас удзельнікаў фальклорнага гурта, але і былі ўручаны граматы аддзела культуры райвыканкама за захаванне рэгіянальных традыцый і актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці.
З песеннымі падарункамі прыехалі ў Залужжа фальклорны калектыў “Ліпчанка” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Весялушкі” (кіраўнік Святлана Дыдышка) Ліпскага СДК.
З радасцю і натхненнем удзельніцы фальклорнага калектыву Залужжа па-ранейшаму выступаюць на сцэне. А яшчэ з задавальненнем перадаюць багатую песенную і танцавальную спадчыну маладому пакаленню. Яны з радасцю дапамагаюць дзецям развучваць старадаўнія танцы “Лысы”, “Кракавяк”, “На рэчаньку” і г. д. Фальклор – гэта народная мудрасць, сукупнасць твораў мастацтва, якія на працягу стагоддзяў ствараліся і шанаваліся народам і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Беларускія фалькларысты па-ранейшаму адкрываюць, вывучаюць творчасць сваіх продкаў. І сёння надаецца вялікая ўвага пераемнасці традыцый, падтрымцы і зберажэнню духоўных каранёў. Залужскі фальклорны калектыў з’яўляецца менавіта такім цэнтрам, дзе захоўваецца народная творчасць.
Алена БАГДАНЕЦ, метадыст па народнай творчасці раённага метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *