Ляхавічы:цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла аматараў паэзіі на прэзентацыю кнігі земляка

Вячаслаў Вайшэвіч з натхненнем чытаў свае вершы.

«Сустрэча, што грэе сэрца».

14 лістапада цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла аматараў паэзіі на прэзентацыю кнігі нашага земляка Вячаслава Вайшэвіча “Заўсёды побач”. На творчую сустрэчу прыйшлі чытачы бібліятэкі, а таксама ўдзельнікі хору ветэранаў “Сівізна” і клуба сталых людзей “Залаты ўзрост”. Сустрэча з паэзіяй – свята, а паслухаць творы ў выкананні самога аўтара – гэта свята ўдвая.

Вячаслаў Вайшэвіч – асоба сярод нашых ляхавіцкіх паэтаў яшчэ маладая, у тым сэнсе, што першая яго кніга вый-шла з друку зусім нядаўна, гэтым летам. Кажуць, як карабель назавеш, так ён і паплыве. Назва кнігі “Заўсёды побач” была выбрана невыпадкова. Аўтар піша пра людзей, якія ішлі поруч з ім па жыцці. Многія вершы гучаць як прысвячэнне розным асобам. Вячаслаў Пятровіч шмат піша пра каханне, пра жанчын, часта з-пад яго пяра з’яўляюцца прысвячэнні з нагоды юбілеяў, святаў, значных падзей у жыцці людзей. І гэтыя цёплыя словы знаходзяць шчыры водгук у іх сэрцах.

Сам Вячаслаў Пятровіч – чалавек светлы, адкрыты, у той жа час жартаўлівы, гарэзлівы. А пачуццё глыбокай пашаны, пакланення перад жанчынай прысутнічала ў яго характары, здаецца, заўсёды.

Пред женщиной обязан

ты стоять,

Она для нас

так много сотворила,

Она жена, сестра,

и дочь, и мать,

Которая нам

свет и мир открыла.

Гэтыя словы сталі эпіграфам для дэбютнай кнігі. Такое пакланенне перад жанчынай, мне здаецца, не выпадковае. Магчыма, гэта вынік педагагічнай адукацыі ці доўгай працы ў гэтай сферы, або проста матчына заслуга. Такія шчырыя словы можа пісаць толькі шчаслівы ў асабістым жыцці чалавек.

Вячаслаў Пятровіч – добры, клапатлівы бацька, верны, адданы муж, выгадаваў і накіраваў на правільны шлях сына і дачку, радуецца поспехам сваіх любімых унукаў. Гэта тэма – тэма сям’і, радаводу таксама знаходзіць адлюстраванне ў яго творчасці.

Варта адзначыць, герой нашай сустрэчы з’яўляецца яшчэ і паэтам-песеннікам. І мы мелі магчымасць у гэтым упэўніцца. Аркестр народных інструментаў Альхоўскага Дома культуры выканаў песню “Ляхавіцкі марш”. Музыку напісаў Аляксандр Барташэвіч. Дарэчы, на словы Вячаслава Вайшэвіча мастацкі кіраўнік Тухавіцкага СДК Іван Банецкі напісаў 4 песні: “Ляхавіцкі вальс”, “Беларускі вальс”, “Вам, бабулі” і вельмі чароўную песню “Когда ты смотришь на меня”. Калі будзеце чуць гэтыя творы на сцэне нашага ГДК, ведайце, іх аўтар – Вячаслаў Вайшэвіч.

Размова атрымалася натхнёнай і змястоўнай, а шчырасць адказаў задала цёплы, лірычны настрой сустрэчы. Сяброўскую атмасферу ў зале падтрымалі слухачы. Вячаслаў Пятровіч пачуў шмат добрых водгукаў, музычных падарункаў, нават вершаваных прысвячэнняў у свой адрас. Была агучана прафесійная рэцэнзія на кнігу ад чытачкі з Мінска. Напрыканцы ўсе жадаючыя змаглі атрымаць кнігі з аўтографам аўтара.

Прыемна адзначыць, што на Ляхавіччыне віруе літаратурнае жыццё, нараджаюцца новыя творы, выдаюцца кнігі мясцовых паэтаў. А мы, бібліятэкары, маем да гэтага хоць невялікае дачыненне, прапагандуючы кнігі нашых землякоў. У яркім сузор’і літаратурна-паэтычных талентаў Ляхавіччыны – папаўненне. Віншуем вас, Вячаслаў Пятровіч, з удалым дэбютам і жадаем новых поспехаў на літаратурнай ніве.

Рыма ПРЫТУЛЬЧЫК,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі

імя Янкі Купалы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *