Калі дзіця парушае закон, у гэтым віна дарослых

Усе бацькі хочуць, каб іх дзіця вырасла сапраўдным чалавекам. Дарослыя імкнуцца рэалізаваць у дзецях тое, што не атрымалася ў іх, перадаць свае навыкі і ўменні, вучаць іх адрозніваць дрэннае ад добрага, выхоўваюць словамі і справамі, як могуць, аберагаюць ад праблем і бед. Ад таго, якімі мы іх выхаваем, што закладзём у дзяцінстве і падлеткавым узросце, залежыць будучыня іх і наша таксама, заўтрашні дзень краіны.

Бацькі, педагогі, праваахоўныя органы і грамадскія аб’яднанні разнастайнымі сродкамі і спосабамі імкнуцца справіцца з праблемай росту правапарушэнняў сярод падлеткаў, паўплываць на трывожныя лічбы статыстыкі.

З пачатку года непаўналетнія на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ўчынілі 3 злачынствы – усе крадзяжы. У параўнанні з папярэднімі гадамі назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння ўзроўню злачыннасці сярод падлеткаў (так, у 2012 го-дзе было зарэгістравана 8 злачынстваў). 2 крадзяжы (адзін – групай непаўналетніх, другі – дзяўчынай у нецвярозым стане) ўчынены на тэрыторыі Альхоўскага сельсавета. Яшчэ адзін – справа рук непаўналетняга жыхара Баранавіцкага раёна, які ўкраў банкаўскую картку.

На рахунку непаўналетніх 80 правапарушэнняў. Больш за ўсё – 31 – у Ляхавічах, 9 і 8 адпаведна – на тэрыторыі Жарабковіцкага і Альхоўскага сельсаветаў. Самы “спрыяльны” час для правапарушэнняў – з 18 да 22 гадзін (35) і з 14 да 18 гадзін (30).

Усяго на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС знаходзіцца 33 падлеткі, з якіх 6 – дзяўчынкі. У адносінах 14 з іх устанаўліваліся факты ўжывання спіртнога ці знаходжання ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.

Сваю пэўную ролю ў прафілактыцы злачыннасці сярод непаўналетніх мае спецыяльная аперацыя “Падлетак” (сёлета праходзіла двойчы). Падчас яе праводзіліся праверкі па месцы жыхарства, вучобы ўсіх падлеткаў, якія стаяць на прафілактычным уліку ў ІСН РАУС, прафілактычныя гутаркі ва ўстановах адукацыі, арганізоўваліся рэйды з мэтай праверкі работы гурткоў і спартыўных секцый. Праграма “Клопат” прадугледжвала прафілактыку падлеткавай злачыннасці ў летні перыяд. З мэтай папярэ-джання распаўсюджвання наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі прайшла акцыя “Стоп, спайс”.

Супрацоўнікі міліцыі пастаянна нясуць дзяжурства на дыскатэках і масавых маладзёжных мерапрыемствах.

Разам з настаўнікамі работнікі праваахоўных органаў частыя, хоць іншы раз і не вельмі жаданыя, госці ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Міліцыянеры з пачатку года выявілі 47 бацькоў, якія неналежным чынам выконвалі свае абавязкі па выхаванні дзяцей.

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама вывучалася работа сярэдніх школ № 1 і 2, Тальмінавіцкай і Мядзведзіцкай СШ, падчас праверак былі выяўлены пэўныя недахопы, якія адмоўна ўплываюць на эфектыўнасць работы па абароне правоў дзяцей у неўладкаваных сем’ях.

Дзякуючы актыўнай прафілактычнай рабоце з боку ўстаноў адукацыі, РАУС, камісіі па справах непаўналетніх, не было дапушчана ніводнага выпадку паўторнага злачынства, учыненага адной і той жа асобай, знізілася ў параўнанні з мінулым годам і колькасць правапарушэнняў.

Некаторых злачынстваў, учыненых падлеткамі, можна было б пазбегнуць, калі б не патуранне з боку дарослых і абыякавыя адносіны да таго, чым займаюцца іх дзеці. 25 гора-бацькоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў, яшчэ 22 – за спойванне непаўналетніх, 4 – за тое, што іх дзеці знаходзіліся ў позні час сутак без суправаджэння дарослых.

Канешне, для таго, каб знізіць узровень падлеткавай злачыннасці, робіцца нямала, але неабходна актывізаваць дзейнасць па прафілактыцы п’янства і алкагалізму. І не толькі з боку ўстаноў адукацыі, але і маладзёжных арганізацый. Толькі разам, аб’яднаўшы намаганні, дарослыя могуць і павінны не дапусціць дзяцей да той рысы, за якой парушэнне закона.

Дзмітрый ДЫДЫШКА,

старшы ўчастковы інспектар ІСН РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *