Дзесюкевіча, 43. Па такім адрасе з нядаўняга часу размяшчаецца ляхавіцкая міліцыя /фота/

Гэты комплекс будынкаў, размешчаны па адрасе вуліца Дзесюкевіча, 43 у райцэнтры, бачны здалёк: новы, кампактны, сучасны. Зусім нядаўна тут справілі наваселле раённы аддзел унутраных спраў і раённы аддзел Следчага камітэта. На плошчы звыш 2 тысяч квадратных метраў хапіла месца для размяшчэння ўсіх службаў міліцыі.

Падчас урачыстага адкрыцця будынка намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Віктар Дубавец адзначыў:

Гэты будынак РАУС не мае аналагаў у краіне. Яго будаўніцтва распачалося па ініцыятыве МУС 3 гады таму. І цяпер, калі ўсе міліцэйскія падраздзяленні знаходзяцца пад адным дахам, лягчэй вырашаць арганізацыйныя пытанні і больш якасна выконваць пастаўленыя задачы.

Канешне, умовы, створаныя для ляхавіцкіх міліцыянераў сёння, нават нельга параўнаць з тымі, што былі ў старым будынку, уведзеным у эксплуатацыю ў 1945 годзе.

– Паспелі ўжо ацаніць створаныя для нас выдатныя ўмовы. І калі нават у ранейшых, вельмі абмежаваных, мы дасягалі высокіх паказчыкаў у рабоце, неаднойчы станавіліся лепшымі на Брэстчыне (а ў РАУС, па інфармацыі МУС, самы высокі (77) працэнт раскрывальнасці злачынстваў па вобласці – заўвага рэдак-цыі), то цяпер, упэўнены, вынік будзе яшчэ лепшым. У кожнага міліцыянера – сваё працоўнае месца і персанальны камп’ютар, а гэта беражэ час і дае магчымасць эфектыўна выконваць свае непасрэдныя абавязкі, – расказвае начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў.

Будынак аснашчаны спецыяльна распрацаванымі сродкамі сувязі і ахоўнай сігналізацыі, сістэмай відэаназірання, радыёфікаваны. Сёння, каб трапіць унутр, неабходна націснуць на спецыяльную кнопку каля ўваходных дзвярэй.

Намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога правёў азнаямляльную экскурсію:

— На першым паверсе дзяжурная часць, пакой для адпачынку і прыёму ежы (для тых, хто заступае на сутачнае дзяжурства). Тут жа – кабінет старшага інспектара па дазвольнай сістэме, кабінет для папярэдняга разбору спраў. Таксама на першым паверсе, з асобнага ўваходу, размясцілася аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі.

Паверхам вышэй – кабінеты кіраўніцтва РАУС, дзяржаўтаінспекцыі, групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці, клас профільнай падрыхтоўкі, штаб, эксперты, бухгалтэрыя і памяшканне для музея ( у наяўнасці ўжо нямала экспанатаў, устаноўлены стэлажы).

Трэці паверх падзялілі паміж сабой аддзяленне крымінальнага вышуку, аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, у склад якога ўваходзяць і ўчастковыя інспектары. Тут і раённы аддзел Следчага камітэта.

У аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

У двары пабудаваны ізалятар часовага ўтрымання, які злучаны пераходам з першым паверхам асноўнага будынка. У будынку гаражоў знайшлося месца для абсталяванай навейшымі трэнажорамі спартыўнай залы, а ў падвальным памяшканні – цір. На тэрыторыі знаходзіцца і стаянка для канфіскаваных і арыштаваных транспартных сродкаў, а таксама для службовых аўтамабіляў.

Што і казаць, умовы сапраўды камфортныя, якім пазайздросцяць многія калегі і не толькі. Справа за міліцыянерамі – у такіх умовах працаваць яшчэ больш вынікова.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У новым будынку выдзелілі месца пад трэнажорную залу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *