Ляхавічы: з набліжэннем навагодніх святаў узмацняецца ахова лясных прыгажунь – елак і хвояў

«Казкі Востраўскага лесу».

«Якая асалода апынуцца ў перадзімовым лесе: здаецца, прыціхлі пушыстыя і заўсёды прыгожыя елкі і хвоі, пад нагамі дыван з рознакаляровага лісця, паветра з  водарам ядлоўцу і грыбніцы. Дыхаеш – не надыхаешся. А калі прыслухаешся да лясной цішыні, пачуеш і насельнікаў гэтага казачнага царства: дзяцел не здраджвае сваёй “лекарскай” справе, чутно і іншых птушак, якія надумалі зімаваць у лесе. Можна сустрэць і гарэзлівую вавёрку, ды і на дзіка натрапіць, што непажадана.

Між іншым, казку перапыняе далёкі звон бензапілы і стук сякеры: работа ў лясной гаспадарцы не спыняецца круглы год. Ляснічы Востраўскага лясніцтва Сяргей Амбражэй стараецца наведацца на ўсе участкі, дзе працуюць лесарубы. Высечкі догляду маладняку сёлета правялі на плошчы 47,9 гектара: выдалілі другарадныя пароды дрэў, каб яны не заглушалі асноўныя пасадкі. Санітарныя высечкі, хоць рабіліся і выбарачна, але склалі 262,1 гектара. Лепш, як у іншых лясніцтвах, працавалі востраўскія лесарубы і на нарыхтоўцы драўніны, якой паставілі лясгасу за 10 месяцаў 12228 кубічных метраў – амаль трэцюю частку ад агульнага аб’ёму.

Як расказаў начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення лясгаса Сяргей Дыдышка, работнікі Востраўскага лясніцтва занялі трывалую пазіцыю першынства па ўсіх напрамках дзейнасці. Дарэчы, сёлета ў лясгасе за 10 месяцаў агульны аб’ём нарыхтовак драўніны склаў 42160 кубаметраў, у тым ліку дзелавой – 23880 кубічных метраў. Частка пайшла на будаўнічыя аб’екты прадпрыемстваў і арганізацый, а 14130 кубаметраў круглага лесу адпраўлена на экспарт у Польшчу і прыбалтыйскія краіны.

Круглы год работнікі лясніцтваў наводзяць парадак на сваіх тэрыторыях: убраны буралом, іншыя санітарныя высечкі праведзены на плошчы 778,6 гектара. Заадно нарыхтоўваюцца дровы, якія рэалізуюцца насельніцтву, камунальнай гаспадарцы, райпалівазбыту. З 7600 кубаметраў драўніны, нарыхтаванай з санітарных высечак, 700 метраў кубічных выдзелена як дзелавая.

Спецыялісты лясгаса сочаць таксама за здароўем дрэў. Па словах Сяргея Дыдышкі, найчасцей сустракаецца такое захворванне як карнявая губка, небяспечнае для хвойнага лесу. Важна своечасова распазнаць яго і ліквідаваць паражоныя дрэвы. Некалькі гадоў назад многія, напэўна, заўважылі, як зусім за кароткі час ельнікі ператвараліся ў сухастой. Усяму прычынай быў караед-тапограф – насякомае, якое прынесла шмат клопату работнікам лесу і вялікія страты. Сёлета, дарэчы, гэты шкоднік быў выяўлены на тэрыторыі лясных угоддзяў Мядзведзіцкага лясніцтва. Каб пазбавіцца ад яго, на плошчы 0,8 гектара выбарачна праведзена санвысечка.

Любіць лес, каб пра яго паклапаціліся, у тым ліку і абаранілі ад браканьераў. Дарэчы, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення паведаміў, што з набліжэннем навагодніх святаў узмацняецца ахова лясных прыгажунь – елак і хвояў. Аматарам самастойных высечак святочнага дрэва яно будзе каштаваць утрая даражэй. Набыць навагоднюю прыгажуню можна будзе ў гандлёвай кропцы на рыначнай плошчы, на тэрыторыі лясгаса, ляхавіцкія елачкі будуць прадавацца і ў Баранавічах. А вырашчаны яны работнікамі лесу ў спецыяльным гадавальніку.

… Лясныя казкі можна пачуць і пабачыць, напэўна, не толькі ў востраўскім лесе. Трэба толькі быць сябрам гэтага зялёнага царства, любіць і цаніць такі прыгожы каштоўны прыродны дар, паважліва ставіцца да людзей, якія берагуць яго для нашчадкаў.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *